Пра жыццё без рызыкі для здароўя шла размова ў Глушанскай школе ў межах прафілактычнага праекту “Здаровыя гарады і пасёлкі”

Пазнаваўчае і выхаваўчае мерапрыемства, да якога дзеці праявілі непадробную ўвагу, у межах рэалізацыі дзяржаўнага прафілактычнага праекту “Здаровыя гарады і пасёлкі”, прайшло сёння ў Глушанскай сярэдняй школе. Правялі яго для вучняў 8-11-х класаў прадстаўнікі медустаноў Бабруйска.
У прыватнасці Валянціна Фёдарава, урач падлеткавага кабінета Бабруйскай гарадской паліклінікі №2, распавяла пра ВІЧ-інфекцыю, спосабы яе перадачы і прафілактыку. Урач-нарколаг Бабруйскага наркалагічнага дыспансера Юлія Бухаўцова — пра ўздзеянне наркотыкаў на арганізм чалавека і несуцяшальныя наступствы ад ужывання наркатычных сродкаў. Ларыса Колесава, інструктар-валеолаг паліклінікі №2, засяродзіла ўвагу на прафілактыцы траўматызму падчас зімы, а разам заклікала дзяцей пазбягаць якіх бы ні было вадаёмаў: з-за тэмпературных перападаў і адсутнасці нізкіх тэмператур яны могуць стаць пагрозаю не толькі для здароўя, але і жыцця.
У працяг тэмы ВІЧ валеолаг аддзела грамадскага здароўя Бабруйскага занальнага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аксана Дабравольская ў даступнай і захапляльнай форме давяла да школьнікаў спосабы перадачы надзвычай небяспечнай інфекцыі на прыкладзе гульнёвай практыкі. Разам з сацыёлагам аддзела Крысціна Палішчук нагадала аб рэалізацыі ў раёне, і Глушы таксама, прафілактычнага праекту “Здаровыя гарады і пасёлкі” і шчыра падзякавала вучням, якія падтрымалі праект удзелам і конкурсе малюнкаў (быў праведзены падчас раённага свята “Глушанскі хутарок”), уручыла юнакам і дзяўчатам закладкі з выявай тых малюнкаў.









Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.