Абмяняліся вопытам: камуністы Магілёўшчыны, сярод якіх і сакратар Бабруйскай раённай арганізацыі КПБ, пабывалі ў Смаленску

18-19 кастрычніка дэлегацыя Магілёўскай абласной арганізацыі КПБ з ліку камуністаў усіх узроўняў знаходзілася з візітам у горадзе Смаленску Расійскай Федэрацыі, дзе абмянялася вопытам работы з мясцовай фракцыяй Камуністычнай партыі.
Падчас сустрэчы члены Магілёўскага абкама КПБ і Смаленскага абкама КПРФ падзяліліся спецыфікай дзейнасці, асаблівасцямі работы ў сучасных умовах. Як вынік — выпрацавалі формы ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва па асноўных накірунках.
Надзвычай цікавай была і культурная праграма мерапрыемства — экскурсіі па знакавых месцах Смаленска, а таксама ў Катынь, па Катынскаму мемарыялу.
— Горад вельмі спадабаўся, абноўлены, сучасны, з добрымі дарогамі. Вялікае захапленне выклікалі помнікі, якіх на тэрыторыі Смаленска безліч, у тым ліку воінам Вялікай Айчыннай вайны. Надзвычай уразілі словы гіда пра тое, што з часоў утварэння горада шматпакутная зямля Смаленска на кожным сваім метры квадратным захоўвае прыкладна па 2-3 загінулых ад войнаў, — падзяліўся сакратар Бабруйскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Феднеў, які таксама прыняў удзел у паездцы.


