Юных патрыётаў сабраў лагер “Нашчадкі перамогі”

Аматары прыгод, адпачынку на прыродзе, цікаўныя да гісторыі краіны і роднай Бабруйшчыны выхаванцы Цэнтра творчасці раёна і вучні раённых школ у гэтыя дні бавяць час у палатачным турысцкім лагеры “Нашчадкі перамогі”. Лагер сёлета адзначыў трэцюю гадавіну, некаторыя з юнакоў і дзяўчат у ім не ўпершыню, што азначае — тут сапраўды цікава. Пра апошняе, зрэшты, сведчыць і пералік падзей, сустрэч і спраў, якімі напоўнены дні юных выхаванцаў-патрыётаў.
— Палатачны лагер Цэнтра творчасці раёна дзейнічае з 2 да 10 жніўня. Вялікай падзеяй для выхаванцаў стала сустрэча з рэканструктарамі клуба “Бабруйскі рубеж”, якія да гэтага прынялі ўдзел у ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Бабруйскі кацёл” на тэрыторыі нашага раёна. І нам пашцасціла, што якраз у першыя дні дзеяння лагера, 2-3 жніўня, на базе “Бабруйскага рубяжу” праходзіў форум адпаведных клубаў Магілёўшчыны, на якім мы пабылі. Дзеці даведаліся шмат для іх цікавага: пазнаёміліся з формай байцоў Чырвонай Арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, са сброяй, якая ў той час выкарыстоўвалася, з прыладамі побыту абаронцаў Айчыны, навучыліся адрозніваць экіпіроўку чырвонаармейцаў і праціўніка і шмат іншага, — адзначыла дырэктар аздараўленчай установы Алена Смарчок.
А яшчэ нашчадкі перамогі зрабілі пешую экскурсію па Бабруйскай крэпасці, даведаліся прызначэнне кожнага яе збудавання. У кінатэатры “Мір” г. Бабруйска праглядзелі фільм патрыятычнага накірунку, а ўвечары ля вогнішча яго абмеркавалі ды згадалі свае паездкі ў знакавыя месцы, якія сведчаць пра велічыню трагедыі беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра мужнасць абаронцаў Радзімы: у Хатынь, Брэсцкую крэпасць, Курган Славы ды інш. У дубовым гаі ля Белага берага, дзе раскінуўся палатачны лагер, натрапілі на зямлянку, падобную да той, што выкарыстоўваліся партызанамі ў гады вайны.
Вялікую цікавасць у дзяцей выклікалі прафілактычныя размовы з прадстаўнікамі АСВОДу і Бабруйскага гаррайаддзелу па надзвычайных сітуацыях. З усведамленнем значнасці справы прынялі ўдзел у аперацыі “Чысты бераг”.
Запамінальна, са шматлікімі і разнастайнымі конкурсамі і гульнямі, прайшло пасвячэнне ў турысты. А дождж, які застаў вандроўнікаў уначы і ніколькі іх не намачыў — найлепшае пацверджанне таго, што да адпачынку на прыродзе яго ўдзельнікі падрыхтаваліся прафесійна.





Алена КАРПЕНКА. Фота з архіва лагера “Нашчадкі перамогі”.