Маладыя парламентарыі паразмаўлялі з выхаванцамі дзіцячага лагера

Дыялогавая пляцоўка на тэму “Моладзь — знак якасці краіны” у межах рэспубліканскага праекта, які рэалізуецца маладзёжным парламентам пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь ва ўсіх установах адукацыі, у тым ліку дзіцячых аздараўленчых лагерах краіны, прайшла сёння ў лагеры “Бабраня-2010”.
За сталом дзеля вывучэння і вырашэння актуальных пытанняў юных грамадзян, прасоўвання ў іх асяродку цікавых ініцыятыў, а разам і прывіцця юнакам і дзяўчатам любові да роднага краю, гонару за Радзіму сабраліся член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, дэпутат Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў Анастасіяй Гацко, старшыня Маладзёжнага парламента пры Бабруйскім райсавеце дэпутатаў Вольга Гаўрыленя і выхаванцы старэйшых атрадаў лагера.
— Дыялогавая пляцоўка ў рамках праекта “Моладзь — знак якасці краіны” — не першая, праведзеная намі ў раёне. Да гэтага мы сустракаліся з выхаванцамі патрыятычнага лагера “Радзіма”, а таксама гэтага лагера, толькі ў іншыя змены, наперадзе — яшчэ сустрэчы з моладдзю. Праект мае на ўвазе абмеркаванне з падрастаючым пакаленнем актуальных праблем моладзі, у тым ліку падлеткаў, прывіццё ім традыцыйных каштоўнасцей, нацэльванне на праяўленне актыўнай грамадзянскай пазіцыі — і ўсё гэта на іх мове. Менавіта такія мэты ставім, сустракаючыся з выхаванцамі лагераў, — адзначыла Анастасія Гацко.
Акрамя іншага, яна пазнаёміла субяседнікаў з работай Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным Сходзе, з ініцыятывамі маладых парламентарыяў, якія ўзяты на ўзбраенне старэйшымі калегамі і будуць разгледжаны Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу для ўкаранення ў законатворчыя дакументы.
Вольга Гаўрыленя распавяла пра рэалізацыю моладзевых ініцыятыў на мясцовым узроўні. Заклікала старшакласнікаў быць актыўнымі, прапаноўваць цікавыя ім праекты, нагадала, куды звяртацца з цікавым “багажом”.
У сваю чаргу выхаванцы пацікавіліся абавязкамі парламентарыяў і тым, якімі якасцямі трэба валодаць, каб прэтэндаваць на членства ў Маладзёжным парламенце, занятасцю ў вольны ад вучобы час — магчымасцю папрацаваць і зарабіць грошай.



Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.