Калгасу аддала 40 год працы: імянінніцу павіншавалі са святам

75-годдзе сёння адзначае жыхарка в. Слабада Хімоўскага сельсавета Ніна Рыгораўна Мазур. Павіншаваць сяльчанку, чый працоўны стаж у калгасе склаў больш за 40 год, актывістку ветэранскага руху, з ружамі і падарункам ад Бабруйскай раённай арганізацыі наведаліся старшыня і член ветэранскай арганізацыі Яўгенія Доўнар і Галіна Харлан.
— Зычым вам галоўнага — моцнага здароўя і ўвагі родных. Няхай і надалей вашая хата поўніцца дабрабытам, дзіцячымі галасамі (у госці да імянінніцы наведаліся дзеці, унукі і праўнукі). Няхай выдатным будзе настрой, спадарожнікам у справах — бадзёрасць, ажыццяўляюцца запаветныя мары, — адзначыла, уручаючы кветкі, Яўгенія Уладзіміраўна.
Жыццё імянінніцы, як і многіх вясковых жанчын таго пакалення, не назавеш лёгкім. Хто звязаны з сельскай гаспадаркай, жывёлагадоўляй, ведае — што значыць адпрацаваць 40 год у калгасе. Ніна Рыгораўна спачатку была за даярку, пазней перайшла ў свінагадоўлю і заўжды добрасумленна ставілася да сваіх абавязкаў. Мець высокія надоі і прывагі для жанчыны было прынцыпова важным.
Імянінніца жыве з мужам Аляксандрам Мікалаевічам на месцы, дзе, як кажа, яе карані. Без увагі родных пажылыя людзі не застаюцца: будыніна дома дагледжана і звонку, і ўнутры. Дзеці (сын жыве ў Хімах, дачка — у Бабруйску) і ўнукі часта наведваюцца да іх, дапамагаюць. “Здароўе, вядома, не тое, што ў маладыя гады, аднак шэвялюся, шукаю сабе занятак і забываюся пра нямогласць, — з усмешкай кажа імянінніца і, тулячы да сябе праўнукаў, бадзёра дадае, — хачу пабачыць, якімі яны вырастуць”.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.