Сярод удзельнікаў міжнароднага праекта “Цягнік Памяці” — вучаніца нашага раёна

21 чэрвеня ў Брэсце стартаваў міжнародны культурна-асветніцкі праект “Цягнік Памяці-2024”. Доўжыцца маладзёжная патрыятычная акцыя будзе да 4 ліпеня. За гэты час яе ўдзельнікі пабываюць у 13 гарадах Беларусі і Расіі. Завершаць экскурсіяй ў Мінску.
Сутнасць праекта — даць магчымасць старшакласнікам, актывістам школьнага жыцця, пераможцам алімпіяд і ваенна-патрыятычных конкурсаў паўдзельнічаць у памятна-мемарыяльных мерапрыемствах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Пачаўшы адлік у 2022 годзе, патрыятычная акцыя год ад году становіцца маштабней. У першы год у праекце паўдзельнічала па 100 школьнікаў з Беларусі і Расіі, у наступным — 70 чалавек з Беларусі, 90 — з Расійскай Федэрацыі, па 20 чалавек з Арменіі і Кыргызстана. Сёлета “Цягнік Памяці” геаграфічна яшчэ пашырыўся. Яго пасажырамі сталі 200 чалавек: па 55 юнакоў і дзяўчат з Беларусі і Расіі, па 15 — з Кыргызстана, Арменіі, Казахстана, Азербайджана, Таджыкістана і Узбекістана.
Нашу краіну прадстаўляюць як пераможцы алімпіяд і конкурсаў на тэму Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі маштабных ваенна-патрыятычных праектаў, так і кадэты кадэцкіх вучылішч, навучэнцы спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Гэтым часам “Цягнік Памяці” курсіруе па гарадах Расіі. Да прыкладу, 25 чэрвеня юнакі і дзяўчаты наведалі Санкт-Пецярбург, Пецяргоф, пабылі ў чыгуначным музеем, пагулялі па горадзе на Няве. Сярод пасажыраў — і Маша Арцёмава з Каменскай сярэдняй школы: старшакласніца, актывістка, адна з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Я — патрыёт сваёй краіны”.



Алена КАРПЕНКА.