На Бабруйшчыне прайшло пасяджэнне прэзідыума абласнога аб’яднання прафсаюзаў

Выязное пасяджэнне прэзідыума Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў з удзелам старшыні аб’яднання Уладзіміра Цумарава і сакратара па міжнароднай рабоце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ганны Варфаламеевай прайшло на Бабруйшчыне сёння.
Асноўная тэма пасяджэння — калектыўныя дамовы. Лідары прафсаюзнага руху Магілёўшчыны, сярод якіх старшыні галіновых, раённых і гарадскіх аб’яднанняў прафсаюзаў, пазнаёміліся з дзеяннем “мясцовых канстытуцый”: дадатковымі ільготамі, якія яны прадугледжваюць па паляпшэнні ўмоў працы і адпачынку працоўных на такіх значных прадпрыемствах Прыбярэзінскага краю як Бабруйскі лясгас і ААТ “Белшына”.
— Выкананне калектыўна-дагаварной дзейнасці на прадпрыемстве — у інтарэсах і членаў прафсаюзнай арганізацыі, і самога прадпрыемства, — адзначыў Уладзімір Цумараў, заўважыўшы, што на прадпрыемствах, дзе пабывалі ўдзельнікі пасяджэння, такія адносіны ўжо трывала выбудаваны. Задача — перадавы вопыт пераняць і ў бліжэйшыя тэрміны ўкараніць у сваіх рэгіёнах, сваіх пярвічных прафсаюзных арганізацыях.
Па словах Ганны Варфаламеевай, калектыўныя дамовы павінны быць у кожнай арганізацыі і на кожным прадпрыемстве — як матывацыя прафсаюзнага членства і як абарона правоў людзей. “Ёсць Генеральнае пагадненне, ёсць тарыфнае пагадненне па кожнай галіне, і ёсць Калектыўная дамова на кожным прадпрыемстве. Старшыня прафсаюзнага камітэта і кіраўнік прадпрыемства павінны знайсці кропкі сутыкнення, магчымасці для паляпшэння дабрабыту людзей, якія ствараюць даход гэтага прадпрыемства, — адзначыла сакратар па міжнароднай рабоце ФПБ.
Члены выязнога пасяджэння наведалі таксама гандлёвую пляцоўку Бабруйскага лясгасу “Лясны домік” і ўшанавалі памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне — усклалі кветкі да брацкай магілы “Вечны агонь” у Бабруйску.













Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.