Восеньскія палявыя клопаты ў філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік-АграСэрвіс”
У гэтыя дні яны прадстаўлены традыцыйнымі для вераснёўскай пары відамі работ: нарыхтоўкай кукурузнага сіласу і падрыхтоўкай да ўборкі каралевы палёў на зерне, зборам ураджаю грэчкі, сяўбой азімых, звозам з палёў саломы.
Звыкласць спраў дазваляе калектыву падыходзіць да іх упэўнена, разважліва і размерана. Утульнасці рабоце, а значыць, і настрою працаўнікоў, дадае і лагоднае летняе надвор’е.
— Нарыхтоўваем кукурузны сілас для нашага грамадскага пагалоўя. На сёння (размова вялася ўчора) засталося ўбраць 100 гектараў ці прыкладна 12 працэнтаў ад патрэбы. Ураджайнасць зялёнай масы ў межах 306-310 цэнтнераў з гектара — не максімальная, таму ёсць куды расці ў наступным годзе. Пры гэтым сіласам, гэтак жа, як і грубым кормам у цэлым, наша пагалоўе будзе забяспечана пад поўную патрэбу, каб у зімне-стойлавы перыяд даіць добрае малако, — адзначыў Андрэй Шырко, дырэктар філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік-АграСэрвіс”, які нядаўна заступіў у пасаду.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.