На палях раёна: сяўба, уборка, нарыхтоўка
Па шматлікасці відаў сельгасработ з вераснёўскай парой мала якая паспрачаецца: трэба і звозіць салому, і закладваць новы ўраджай збажыны, рыхтаваць глебу пад азімыя, убіраць кукурузу, капаць бульбу, клапаціцца пра зімоўку жывёлы…
Расставіць прыярытэты, наладзіць працэс на кожным участку дазваляе высокая арганізацыя работ у калектывах, садзеянне райсельгасхарчу, дзякуючы чаму і забяспечваецца своечасовасць уборачных і іншых работ.
Па стане на ўчарашні дзень, па дадзеных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, кукуруза на сілас і зялёны корм убрана ў раёне на плошчы 829 га або 12% ад патрэбы. Нарыхтавана звыш 23 000 т сіласу ці 23% ад задання. Найбольшы выхад зялёнай масы з аднаго гектара атрыманы ў СВК “Гігант” — 460 ц. Другі па велічыні паказчык у ААТ “Неўскі-Агра” — 361 ц, трэці — у ААТ “Саўгас Кісялевічы” (356 ц).
Бульбы ў раёне пасаджана 488 га, з іх убрана 61 га, накапана 2155 т клубняў пры сярэдняй ураджайнасці 353 ц/га. У СВК “Гігант” (да ўборкі належыць 460 га) — 364 ц/га.
Што да азімай збажыны, то яе ў раёне пасеяна: на зерне — 740 га ці 8% ад плану, на зялёны корм — 673 га (39%), і гэтая работа працягваецца. Адначасова ў гаспадарках актыўна рыхтуюць глебу пад сяўбу, займаюцца звозкай саломы.