Сяўба-2023: прымае насенне ралля “Харчавіка-Агра”
Не першы дзень заняты сяўбой ранняй ярыны працаўнікі філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік-АграСэрвіс”. У гэтую вясну тут плануюць пасеяць 90 гектараў ячменю, 80 — грэчкі і 150 гектараў зернебабовых культур. Менавіта за сяўбой апошніх засталі мы аграрыяў гаспадаркі ў панядзелак — работы вяліся на полі паўз аўтатрасы М-5 у накірунку вёскі Маліннікі. На раніцу таго дня было пасеяна 60 гектараў.
— Засейваем трэцяе поле. Сяўба сёлета няпростая, даводзіцца выбіраць вышэйшыя палі, — кажа галоўны аграном “Харчавіка-Агра” Сяргей Валянцінавіч Міхалап і заўважае, што глеба ў гаспадарцы падрыхтавана добра.
Сяўба — работа надзвычай адказная, таму зразумела, што даручаюць яе найбольш вопытным. У філіяле “Харчавік-Агра” трактарам МТЗ-3022 з сеялкай АКПМ-6 кіраваў Мікалай Юшкевіч (на фота да матерыялу). Насенне клалася ў глебу ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Тэхніка, як тое і патрабуецца, аснашчана маркерам.
За пасяўным агрэгатам Мікалай Уладзіміравіч быў другі дзень. Да гэтага дадзеную работу ажыццяўляў механізатар Аляксандр Віктаравіч Ступень, які цяпер кіраваў МТЗ-1025 з СПУ-6 — сеяў мнагалетнюю траву паблізу Савічаў.
Пацікавіліся мы таксама харчаваннем механізатараў і людзей, занятых на сяўбе. Як аказалася, яно ў “Харчавіку-Агра” двухразовае — у дзень і на вячэру, прычым, гарачае і абыходзіцца працаўнікам зусім танна.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.