На базе ААТ «Міхалёўская Ніва» прайшла нарада па жывёлагадоўлі

На парадку дня стаяла пытанне арганізацыі выпасу жывёлы ў раённых сельгаспрадпрыемствах.
Як уплывае на вынікі вытворчасці перавод статка на летне-пашавае ўтрыманне, чаму важна падыйсці да гэтага з улікам усіх тэхналагічных патрабаванняў, не пакінуўшы без увагі ніводную дробязь — гэтыя і іншыя пытанні першы намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксей Жураўлёў абмеркаваў з намеснікамі кіраўнікоў па жывёлагадоўлі, галоўнымі зааветспецыялістамі, загадчыкамі малочна-таварных аб’ектаў сельгасарганізацый.
“Я наўмысна не запрасіў на нараду кіраўнікоў гаспадарак: ідзе сяўба, і даводзіцца вырашаць неадкладыя пытанні там. Мы ж сваёй камандай, хто сёння сабраўся, кожны на сваім працоўным месцы павінны строга трымаць на кантролі арганізацыю жывёлагадоўчай вытворчасці, на гэтую пару — надзвычай сур’ёзна падыйсці да арганізацыі франтальнага выпасу жывёлы як спосабу павялічыць вытворчасць малака”, — адзначыў начальнік райсельгасхарчу.
Што ў сувязі з гэтым дакладна трэба зрабіць, які прадугледзець рацыён харчавання жывёлы, якую весці дакументацыю, — распавяла і на прыкладзе МТФ “Плёсы”, дзе франтальны выпас ужо арганізаваны, прадэманстравала Наталля Кароця, галоўны заатэхнік ААТ “БНБК-АГРА Бабруйск”.
Падчас нарады была засяроджана ўвага і на пытанні добраўпарадкавання тэрыторыі жывёлагадоўчых аб’ектаў, якаснай падрыхтоўкі сянажна-сіласных траншэй да корманарыхтоўкі. На “Плёсах”, як было адзначана, падыйшлі да гэтага адпаведным чынам — за невялікія ўкладанні аблагародзілі тэрыторыю. “А дзе парадак у двары, там парадак і ў вытворчасці”, — заўважыў Аляксей Жураўлёў, нацэліўшы на работы па добраўпарадкаванні тых, дзе да гэтага пакуль не дайшлі.





Алена КАРПЕНКА. Фота Валянціны МІЛОХІНАЙ.