Дбай пра будучыню сёння
Раённая камісія па каардынацыі дзейнасці па садзеянні працаўладкаванню насельніцтва, якая па-чаргова, тройчы на месяц, выязджае на тэрыторыі сельсаветаў, 5 красавіка працавала ў Вішнёўскім сельвыканкаме. Дапамагчы жыхарам Вішнёўкі і навакольных вёсак вызначыцца з працай прыехалі намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Марына Тарэлкіна, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталля Пясоцкая, сакратар камісіі Юлія Гук, а таксама в. а. старшыні сельвыканкама Сяргей Бусел.
Кожны з грамадзян (камісію наведалі каля 10 чалавек) прыводзіў свае аргументы таго, чаму знаходзіцца ў спісе беспрацоўных. Сярод найбольш часта агучаных прычын — немагчымасць працаўладкавацца па месцы жыхарства, а ў Бабруйск “не наездзішся”. Між тым, як аказалася, толькі адзін з шукальнікаў працы ў гэтых мэтах праявіў актыўнасць — самастойна звярнуўся да мясцовага наймальніка (ЗАТ “Птушкафабрыка Вішнёўка”).
Усім, хто прыйшоў на пасяджэнне, члены камісіі далі поўную раскладку таго, як у іх сітуацыі дзейнічаць. Некаторым было прапанавана вывучыцца за кошт дзяржаўных сродкаў новай спецыяльнасці пад гарантыю працаўладкавання. Тым, хто мяняць статус “беспрацоўны” не спяшаецца, матывуючы неафіцыйнымі заробкамі ў суседняй Расіі, патлумачаны наступствы гэтага ў будучым — у выпадку страты здароўя чалавек не зможа разлічваць на паўнавартасную пенсію, а значыць, якаснае жыццё.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.