У Бабруйскім райвыканкаме падвялі вынікі работы камісіі па справах непаўналетніх за 2022 год
Стан злачыннасці і правапарушэнняў непаўналетніх у мінулым годзе, выкананне комплексу мерапрыемстваў па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх у Бабруйскім раёне на 2020-2022 гг. абмеркавалі члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Пасяджэнне прайшло ўчора, яго работу ўзначаліла старшыня камісіі па справах непаўналетніх, намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Таццяна Варанко.
Як стала вядома з даклада намесніка старшыні КСН Наталлі Праташчык, па выніках работы за 2022 год, у параўнанні з адпаведным перыядам папярэдняга, на тэрыторыі раёна адзначана зніжэнне на 50% (з 4 да 2) колькасці злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, і ўдзельнай вагі падлеткавай злачыннасці ад агульнай колькасці завершаных расследаваннем крымінальных спраў — з 2,3% да 1,1%
Разам з тым колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі да дасягнення ўзросту крымінальнай адказнасці, павялічылася ў адпаведнасці з аналагічным перыядам 2021 года з 3 да 5. “А значыць сёлета ад камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і ўсіх зацікаўленых службаў патрабуецца ўзмоцненая прафілактычная работа ў гэтым накірунку”, — падкрэсліла Таццяна Варанко.
Таксама на пасяджэнні раённай КСН абмеркавалі меры па комплекснай рэабілітацыі непаўналетняга жыхара раёна, навучэнца аднаго з каледжаў Магілёўшчыны.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.