Раён працягвае рыхтавацца да сяўбы
У гэтых мэтах вядуцца традыцыйныя на гэтую пару работы: вывазка на палі арганічных угнаенняў, назапашванне мінеральных, рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, падрыхтоўка да пасяўной насеннага фонду.
Што да апошняга, то вораху ачышчана 983 тоны ці 85% ад таго, што запланавана. Чыстага насення збожжавых і зернебабовых атрымана 635 тон ці 76% ад патрэбы. Цалкам падрыхтаванае насенне ў СПК «Гігант», ЗАТ «Птушкафабрыка «Вішнёўка», у стадыі завяршэння ачыстка ў філіяле «Харчавік-Агра» ААТ «Чырвоны харчавік АграСэрвіс».
Азімыя на момант сыходу снегу, як паведаміў начальнік вытворчага аддзела райсельгасхарчу Віктар Садоўскі, выглядалі нядрэнна. І добра, што надвор’е своечасова змянілася: яшчэ б некалькі дзён анамальнага для зімы цяпла маглі б у выніку негатыўна сказацца на раслінах. Пад наступны снежны покрыў пасевы ўвайшлі, па словах спецыяліста, без «шокавых» маразоў, і гэта таксама добра. У цэлым жа карціна таго, як перазімуюць пасеяныя ўвосень збажына і рапс, стане вядома ў лютым, пасля таго як работнікі дзяржаўнай інспекцыі па насенневодстве, каранціне і ахове раслін адбяруць маналіты пасеваў, створаць ім набліжаныя да веснавых умовы і прааналізуюць, як расліны вегетуюць, які працэнт загінуў, які — пашкоджаны снежнай цвіллю і г. д. Цяпер жа застаецца толькі спадзявацца, што ўсё будзе ў норме і раён атрымае добры ўраджай.
Алена КАРПЕНКА.