Ордэн Маці — жыхарцы пасёлка Брожа
Пачэснай узнагароды — ордэна Маці ўдастоілася сёння жыхарка пасёлка Брожа Таісія Віктараўна Белая. Узнагароду шматдзетнай маці ва ўрачыстых абставінах уручыў старшыня Бабруйскага райвыканкама Аляксандр Сухадольскі падчас пасяджэння раённага выканаўчага камітэта.
Таісія Віктараўна працуе прадаўцом магазіна Бабруйскага адасобленага структурнага падраздзялення аб’яднанага Кіраўскага раённага спажывецкага таварыства. З мужам Алегам Генадзьевічам Барысёнкам — аператарам птушкагадоўчай брыгады ЗАТ “Птушкафабрыка Вішнёўка” выхоўвае сямёра дзяцей, усе яны навучаюцца ў Брожскай сярэдняй школе.
Абавязкаў у шматдзетнай маці ўдосталь. Але ні яна, ні муж іх не цураюцца. Таісія Віктараўна ўпэўнена — дзецям трэба ва ўсім дапамагаць, падтрымліваць, а выхоўваць — уласным прыкладам.
Ордэн Маці за нараджэнне і выхаванне сямёра дзяцей Таісіі Белай уручаны згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 снежня 2022 года №423.
Ул. інф. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.