У Бабруйскім раёне працягваюцца ўборачныя работы
Як паведаміў начальнік вытворчага аддзела ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Віктар Садоўскі, у сельгасарганізацыях гэтай парой капаюць бульбу, цукровыя буракі, працягваюць нарыхтоўваць кукурузны сілас і ўжо пачалі ўбіраць кукурузу на зерне, займаюцца праполкай азімага рапсу.
Па стане на раніцу ўчарашняга дня, бульба ў раёне выкапана на плошчы 342 гектары або 54% ад плану, накапана 9 700 тон клубняў пры сярэдняй ураджайнасці 284 ц/га. У СВК “Гігант”, на долю якога прыходзіцца пераважная частка бульбяных плошчаў раёна, з круга бяруць па 290 цэнтнераў.
Набліжаецца да паловы раён у капанні цукровых буракоў. Па апошніх дадзеных, салодкія караняплоды выкапаны на плошчы 290 гектараў ці 41% ад задання. Накапана 9 640 тон пры сярэдняй ураджайнасці 332 ц/га. У тым ліку ў ААТ “Неўскі-Агра” (вырошчваннем цукровых буракоў займаюцца дзве раённыя гаспадаркі) ураджайнасць расліны 379 ц/га, у ААТ “Міхалёўская Ніва” — 301 ц/га.
Працягваецца ўборка кукурузы на сілас. Усяго ўбрана 5 205 гектараў або 70% ад плану пры сярэдняй ураджайнасці зялёнай масы 220 ц/га. Пры гэтым найвышэшая ўраджайнасць яе дасягнута ў ААТ “Саўгас Кісялевічы” — 350 ц/га. Другі па велічыні паказчык — у філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік АграСэрвіс” (300 ц/га), трэці — у “Гіганце” (293 ц/га). Вышэй за сярэднераённы паказчык, ураджайнасць таксама ў ААТ “Міхалёўская Ніва” — 244 ц/га і ў філіяле “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” — 226 ц/га.
Да ўборкі кукурузы на зерне прыступілі ў трох з шасці сельгасарганізацый, дзе сеялі расліну на гэтыя мэты: у філіяле “Харчавік-Агра”, адкрытых акцыянерных таварыствах “Саўгас Кісялевічы” і “Агракамбінат Бабруйскі”. Убрана, па апошніх дадзеных, 332 гектары ці 8% ад патрэбы. Як будзе складвацца ўраджайнасць — чытайце ў наступных выпусках нашай газеты.
Алена КАРПЕНКА.