Вераснёўская пара насычана справамі
Вераснёўская пара, як і штогод, насычана справамі на полі: адначасова з апошнімі ўборачнымі работамі вядзецца сяўба азімых раслін, працягваецца нарыхтоўка травянога корму для жывёлы.
Па дадзеных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бабруйскага райвыканкама, азімай збажыной на ўчарашні дзень было засеяна 6 859 гектараў або 67% ад запланаваных плошчаў, і гэтая работа працягваецца.
Набліжаецца да заканчэння ўборка кукурузы на сілас. Убрана 4 280 га ці 78% ад патрэбы пры сярэдняй ураджайнасці 210 ц/га. Пры гэтым найвышэйшая ўраджайнасць зялёнай масы дасягнута ў СВК “Гігант” — 349 ц/га, другі па велічыні паказчык у ААТ “Міхалёўская Ніва” — 291 ц/га. Нязначна ўступае філіял “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” з паказчыкам 281 ц/га, у ААТ “Неўскі-Агра” — 251 ц/га.
Кукурузнага сіласу нарыхтавана без малога 65 тысяч тон ці 65% ад патрэбы. У цэлым жа травянога корму маецца 24,5 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы, што прыкметна пераўзыходзіць мінулагодні паказчык (19,7 ц к. адз.) на гэты дзень. Болей астатніх на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана ў ААТ “Саўгас Кісялевічы” — 50 ц к. адз., і ў філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік АграСэрвіс” — 34.
Працягваецца ўборка бульбы. Выкапана 204 гектары, што складае 32% плошчаў. Накапана 6 046 тон клубняў пры сярэдняй ураджайнасці 296 ц/га. Лідар па ўраджайнасці бульбы — СВК “Гігант”, дзе ў сярэднім з круга ўзялі па 316 цэнтнераў клубняў.
Там, дзе сеялі цукровыя буракі — а гэта традыцыйна ААТ “Міхалёўская Ніва” і ААТ “Неўскі-Агра” — заняты зборам ураджаю. Салодкія караняплоды выкапаны на плошчы 201 гектар (29% ад патрэбы), накапана 6 330 тон пры сярэдняй ураджайнасці 315 ц/га.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.