У «Гіганце» працуе таленавітая і энергічная моладзь

65 чалавек ва ўзросце ад 18 да 31 года ці прыкладна 25% ад агульнага складу працуючых прыходзіцца ў СВК “Гігант” на моладзь. Прадстаўнікоў гэтай катэгорыі сустрэнеш тут сярод розных прафесій: бухгалтара і эканаміста, начальніка ўчастка і брыгадзіра, агранома і ветурача, механізатара і аператара машыннага даення… Ды што казаць: намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Анастасія Гацко, якая выклікалася нас суправаджаць, — таксама з ліку моладзі. З’яўляючыся ад нядаўняга часу яшчэ і старшынёй Моладзевага парламента пры Бабруйскім раённым Савеце дэпутатаў, Анастасія Сяргееўна, як мы палічылі, больш за каго ведае і разумее патрэбы сённяшніх юнакоў і дзяўчат. Таму ў яе і запыталіся — што здольна затрымаць і замацаваць на сельгасвытворчасці пачынаючага працоўную біяграфію чалавека?

— Найгалоўнейшае для моладзі, асабліва ў сельгасарганізацыі, — сацыяльная адаптацыя, — упэўнена заўважае субяседніца, — тыя ўмовы, якія наймальнік прапаноўвае: заробак, жыллё, магчымасці для прафесійнага росту, рух па кар’ернай лесвіцы. І гэта апраўдана: для маладога чалавека важна быць самарэалізаваным і адчуваць матэрыяльную бяспеку. Сельгасарганізацыя пры гэтым таксама ў выйгрышы: у касцяку кіруючага складу павінны быць тыя кад­ры, якія прафесійна сябе зарэкамендавалі, атрымалі добры вопыт у папярэднікаў, напрацавалі свой і га­раць жаданнем працаваць і памна­жаць дабрабыт гаспадаркі, краіны і ўласны. Дык вось у нашай гас­падарцы менавіта такі падыход да кадраў. Моладзь, што прыходзіць, мае добры заробак, тым, хто мае патрэбу ў жыллі, прапаноўваецца кватэра ці дом (калі сямейныя), маладым даручаны адказныя пасады: начальнікаў структурных падраз­дзяленняў, брыга­дзіраў участкаў, галоўных спецыялістаў. У наймальніка ёсць разуменне таго, як выбудоў­ваць работу з моладдзю. Кіраўніцтвам бяруцца да ўвагі ўсе іх запыты, на іх адгукваюцца, на падтрымку нацэлена і калектыўная дамова сельгасарганізацыі. Гаспадарка выплачвае “пад’ёмныя” маладым спецыялістам незалежна ад атрыманай адукацыі: вышэйшай, сярэдне-спецыяльнай ці прафесійна-тэхнічнай. Ды і сацыяльнае абслугоўванне ў аграгарадку Вялікія Бортнікі, лічу, на ўзроўні: ёсць школа, дзіцячы садок, пошта, аддзяленне Беларусбанка, крамы прадуктовыя і прамтаварная.
Ёсць, вядома ж, тыя, хто пасля адпрацоўкі з’язджае: па прычыне змены жыхарства, жаніцьбы ці замужжа, вяртання дадому. Сыходзяць і тыя, хто псіхалагічна, маральна не гатовы працаваць у сельскай гаспадарцы. Але мы за іх і не трымаемся: у чалавека павінна быць жаданне да работы ў сельгасвытворчасці і жаданне зрабіць сваё жыццё лепшым. Такія застаюцца, іх у нас цэняць.


Заробак асноўнага складу механізатараў СВК ад тысячы да трох тысяч рублёў, у залежнасці ад віду работ, якія выконва­юць, таму людзі імкнуцца праца­ваць на сумленне, пераязджа­юць у “Гігант” нават з другіх раёнаў Магілёўшчыны — вось-вось тут чакаюць сям’ю механізатара і даяркі з Бялыніцкага. Бу­дуць таксама рады іншым работнікам галіны, бо патрэба, асаб­ліва ў трактарыстах-машыніс­тах, застаецца. Ставячы ў прыярытэт тэхналагічнасць вытворчасці, асноўныя кампаніі ў гаспадарцы праводзяць пры значным удзеле сучаснай тэхнікі, парк якой няспынна абнаўляецца. Галоўнае патрабаванне да прэтэндэнтаў — любіць сваю справу, імкнуцца палепшыць сваё жыццё.


Прыклад таго, як моладзь не толькі кіруе сельгастэхнікай, але каардынуе вытворчы пра­цэс — участак №2 “Гіганта”. Начальнік участка Васіль Марозаў якраз з тых, хто застаўся ў гаспадарцы пасля абавязковай адпрацоўкі размеркавання пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе набыў спецыяльнасць інжы­нера-мэнэджара. Першыя два гады быў за інжынера па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка, з 2018-га ўзначальвае адно з двух структурных падраздзяленняў СВК. У яго падначаленні раслінаводчая брыгада, 17 механізатараў, брыгада жывёлагадоўчая (абслугоўвае 7 аб’ектаў).
Жыве малады начальнік у Бабруйску, дзе Марозавы пабудаваліся, у сям’і выхоўваецца 5-гадовая дачушка. Каб быць на рабоце ў 6 гадзін (падчас сяўбы і жніва працоўны дзень пачынаецца рана), прачынаецца а 5-й раніцы. Але такая акалічнасць не перашкаджае яму рабіць гэта штодня без шкадавання і жадання нешта перайначыць у прафесійным плане. Заробак, іншыя матэрыяльныя бонусы і атмесфера ў калектыве, як кажа, таго вартыя. Жонка-педагог да мужавых запозненых вяртанняў ставіцца з разуменнем, тым болей што з завяршэннем сельскагаспадарчага сезона графік становіцца больш лаяльным, з традыцыйнымі выхаднымі.


У камандзе Васіля Васільевіча — яго намеснік па раслінаводстве Яўген Іваноў, нядаўні малады спецыяліст, у якога ў маі скончыўся двухгадовы тэрмін абавязковай адпрацоўкі і ён працягнуў работу на першым працоўным месцы. Прыехаў Яўген Генадзьевіч у “Гігант” разам з жонкай, якая была ў адпачынку па выхаванні дзіцяці, а цяпер займае пасаду інжынера па ахове працы. Маладыя людзі не тутэйшыя, таму жывуць у вылучаным гаспадаркай доме, дзіця наведвае мясцовую дашкольную ўстанову.


Сярод механізатараў участка №2 трое — прадстаўнікі моладзі. Андрэю Ільчуку 24 гады, ён з Малых Бортнікаў. Пайшоў, як кажа, па бацькоўскай дарозе: і маці Таццяна Яўгенаўна Шэпялевіч працавала ў СВК, і бацька Уладзімір Анатольевіч тут вадзіцель. Пасля школы адвучыўся ў жыліцкім сельгастэхнікуме. Іншых планаў, акрамя таго каб прыйсці ў родную гаспадарку, не меў: тут усё задавальняла. Не памыліўся: і работа, і заробак падабаюцца. Жыве малады чалавек з бацькамі, грошы траціць у асноўным на агульныя патрэбы сям’і.


Дзяніс Ціханаў таксама родам з Малых Бортнікаў. Жанаты, у сям’і выхоўваецца двое дзетак, жонка гэтым часам занята доглядам малодшага. Жыве сям’я ў вылучаным гаспадаркай доме. Заробкам малады механізатар задаволены, асабліва ў “гарачыя” поры года.
Аляксей Штукман у школе вучыўся не мясцовай, скончыў ліцэй, а пасля прыехаў у Бортнікі. З калектывам, як кажа, спрацаваўся. Абавязкі і заробак адпавядаюць таму, каб не імкнуцца шукаць нечага іншага.

Па характары і тэмпераменту, па словах Васіля Марозава, хлопцы розныя: хто больш хуткі, хто безадказны, хто больш тэхнічна падкаваны, але ў цэлым усе яны працаўнікі надзейныя, справу разумеюць і ставяцца да яе адказна. Стараюцца таксама павялічваць веды, штогод нечаму вучацца, адкрываюць дадатковыя катэгорыі, растуць прафесійна — сённяшнім аксакалам будзе годная змена.


Анастасія Гацко характарызуе моладзь вытворчага кааператыва як таленавітую і энергічную. Кожны на сваім працоўным месцы імкнецца выкладвацца па-максімуму, а гэта значыць — у высокіх вытворчых выніках гаспадаркі немалая заслуга і маладых людзей. Юнакі і дзяўчаты з лёгкасцю адгукваюцца на любую ініцыятыву: удзельнічаюць у акцыях, святах, конкурсах і спаборніцтвах — заваёўваюць дадатковыя бонусы “Гіганту”, садзейнічаюць стварэнню станоўчага іміджу сельгаспрадпрыемства.
Алена КАРПЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.