У “Харчавіку-Агра” завяршылі сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых
Клінок ранняй ярыны — сёлета ён у філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік АграСэрвіс” складае 270 гектараў — завяршылі сеяць яшчэ 16 красавіка. У выніку пасеяна 20 гектараў яравога аўсу, 160 — ячменю і 90 гектараў зернебабовых. Значна болей адведзена ў гаспадарцы пад язімыя расліны (835 га збажыны, 310 — рапсу), якія ва ўмовах цяперашняга клімату, як паказала практыка, даюць большую ўраджайнасць.
— Ужо б сеялі і кукурузу, якой запланавана 500 гектараў, у тым ліку 100 — на зерне, ды не дазваляе дажджлівае надвор’е, — дзеліцца клопатамі галоўны аграном Валянціна Якаўлеўна Масолава.
Але ж работы, з яе слоў, і без таго хапае. Механізатары заняты вывазкай на палі арганічных угнаенняў, ушчыльненнем пашы мнагалетнікамі.
Падкормкі ў гаспадарцы таксама завершаны. Яны праведзены не толькі на азімых збажыне і рапсу. Падкормлены таксама мнагалетнія травы, сенакосы і паша.
Алена КАРПЕНКА.