Настаўніц павіншавалі з Днём жанчын

Урачыстасць, прысвечаная даце 8 Сакавіка, прайшла сёння ў актавай зале раённага Цэнтра культуры. Арганізавалі яе для педагогаў аддзел па адукацыі, спорце і турызме Бабруйскага райвыканкама сумесна з райкамам галіновага прафсаюза.

У адрас віноўніц свята прагучала шмат цёплых слоў. Педагогаў-жанчын услаўлялі як высокіх прафесіяналаў, як каханых, надзейную “другую палавінку”, як самаахвярных, пяшчотных маці і дачок. Многія з іх за плённую працу і актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці ўдастоіліся ўзнагарод. Іх, разам з віншаваннямі, уручылі начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Алеся Стэльмак і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Бокач. Таксама не засталіся без падзяк за добрасумленную працу, высокія дасягненні ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення і педагогі-мужчыны.

Падчас свята было шмат гумару, цюльпанаў, са сцэны бясконца лілася музыка, змянялі адна адну харэаграфічныя пастаноўкі, гучалі песні — пра жанчыну, вясну, якая яе ўвасабляе, пра дабрыню, любоў, спагаду, шчасце жыць пад мірным небам. Прычым, артыстамі ў гэты дзень былі не толькі прафесіяналы, але і самі раённыя настаўнікі, чым выклікалі шквал і апладысментаў у калег. Дый увогуле, зала не скупілася на станоўчыя эмоцыі — шчодра дзякавала ўсім за ўвагу і прыемны адпачынак.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.