У раёне праходзяць Дні жывёлавода
Як і штомесяца, у снежні ў раённых сельгасарганізацыях праходзяць Дні жывёлавода. Работнікі галіны падводзяць вынікі папярэдняга месяца, ставяць задачы на перспектыву, вырашаюць надзённыя пытанні.
У ААТ “Міхалёўская Ніва” дні жывёлавода на пачатку тыдня прайшлі на малочна-таварных фермах “Воўчая Гара”, “Міхалёва-3”, “Плёсы”, “Іванаўка”. Разам з дырэктарам Аленай Васільеўнай Пацыенка ў калектывах пабывалі прадстаўнікі райвыканкама, райсельгасхарчу, Бабруйскага філіяла Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства. Падвёўшы вынікі лістапада і 11 месяцаў, абмеркавалі спосабы павелічэння вытворчасці малака і мяса і звязаныя з гэтым надзённыя пытанні, сітуацыю з каронавіруснай інфекцыяй і меры перасцярогі ад яе, падпіску на 2022 год, у тым ліку на раённую газету “Трыбуна працы”.
У СВК “Гігант” Дзень жывёлавода сабраў калектывы МТФ №2 “Малыя Бортнікі”, МТК “Малыя Бортнікі” і таварнай фермы №3 “Бірча”. З работнікамі галіны сустрэліся старшыня СВК Васіль Пятровіч Жук, намеснік старшыні па вытворчасці Святлана Віктараўна Герман і ідэалагічнай рабоце — Анастасія Сяргееўна Гацко, галоўны эканаміст Ілона Аляксандраўна Намочанка. Тут абмеркавалі вытворчыя паказчыкі за папярэдні месяц і з пачатку года, выкананне штомесячных заданняў па малаку, налічэнне заробку работнікам, санітарны стан і ацяпленне бытавых памяшканняў, вакцынацыю працаўнікоў супраць каронавіруснай інфекцыі. Па традыцыі паднялі сцягі Працоўнай славы ў гонар перадавікоў. Па выніках лістапада іх удастоіліся: на МТФ №2 — аператар машыннага даення Алена Леанідаўна Арэх (валавы надой малака склаў 612,17 ц), на МТК — жывёлавод па доглядзе за маладняком Валянціна Мікалаеўна Сыцько (на абслугоўванні 176 галоў; сярэднесутачныя прывагі за лістапад — 999 г), на ТФ №3 “Бірча” — жывёлавод па доглядзе за маладняком на адкорме Любоў Мікалаеўна Лебедзева (абслугоўвае 224 галавы, сярэднесутачныя прывагі за апошні месяц — 698 г).
Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву сельгасарганізацый.