Фотаздымкі прызнаны лепшымі ў конкурсе «Пазнай Беларусь»

Вось гэты цудоўны фотаздымак адзін з тых, што прынеслі работніку фізкультурна-спартыўнага клуба Бабруйскага раёна — інструктару-метадысту Валерыю Дулебскаму прызнанне ў арганізаваным Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь XIX рэспубліканскім турыстычным конкурсе “Пазнай Беларусь” (намінацыя “Фотаздымак”).

Сярод больш за паўтысячы фатаграфій, прадстаўленых на конкурс з усёй Беларусі, яго творчыя працы ўвайшлі ў дваццатку лепшых. З гэтай нагоды ў мінулую пятніцу Валерый Дулебскі і намеснік старшыні ФСК Вольга Гаўрыленя (яна таксама прыняла
ўдзел у конкурсе) наведаліся ў сталіцу для ўзнагароджання.

— Фатаграфіяй займаюся яшчэ з 80-х гадоў, з часоў свайго настаў­ніцтва ў Ленінскай школе, дзе, працуючы ваенруком, вёў і фотагурток. Дзеці тады цягнуліся да ўсяго новага, нязведанага — з задавальненнем хадзілі на занятак па фатаграфіі. Пачыналі з фотаапарата “Змена”, далей быў “Зеніт”, які ў школы з’явіўся дзякуючы тагачаснаму кіраўніку “Саўгаса Леніна” Андрэю Андрэевічу Белаусаву, — расказвае Валерый Казіміравіч.

Захапленне фатаграфіяй, па словах субяседніка, засталося з ім назаўжды. А магчымасцяў падглядзець цікавасці прыроды, незвычайныя жыццёвыя моманты болей чым дастаткова. Вось ужо колькі год, пачынаючы ад сакавіка, па Бабруйску і краіне Валерый Казіміравіч перамяшчаецца выключна на ровары — за сезон наязджае па 6-8 тысяч кіламетраў і абавязкова спыняецца, калі нешта заварожвае, падаецца цікаўным. За жыццё фатаграфій набралася столькі, што і не падлічыць. Конкурснае макавае поле, да прыкладу, сфатаграфаваў год 20 таму, калі падарожнічаў па Брэстчыне.

А вось знаёміць са сваімі працамі іншых — размяшчаць іх у Інстаграм, Валерыя Казіміравіча натхнілі, як кажа, маладыя калегі. Дзякуючы ім субяседнік і стаў удзельнікам рэспуб­ліканскага турыстычнага конкурсу.

Фота з архіву В.К. Дулебскага.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.