Тэхніку — на захаванне

Кругаварот спраў у аграрнай галіне не дазваляе сельгас­вытворцам заспакоіцца нават у час адноснага зацішша — калі ўраджай сабраны і пакладзены на захаванне. Яшчэ цалкам не завершаны сёлетні працоўны год: вядуцца ворыўныя работы, вывозіцца на палі і ўносіцца ў глебу арганіка, зусім хутка будуць падведзены вынікі традыцыйнага раённага конкурсу мехдвароў, а інжынерныя службы гаспадарак ужо заняты арганізацыяй работы майстэрань у зімовы перыяд, прыступілі да рэалізацыі мерапрыемстваў па падрыхтоўцы сельгастэхнікі да веснавой сяўбы будучага года.

У гэтым жа годзе, па словах намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандра Каўраніна, машынна-трактарны парк раёна са сваёй задачай справіўся. Сур’ёзная падтрымка была аказана са з’яўленнем двух новенькіх зернеўборачных камбайнаў — іх набылі за бюджэтныя сродкі для ААТ “Міхалёўская Ніва” і ААТ “Неўскі-Агра”. За сродкі бюджэту для “Неўскага-Агра” набылі таксама сучасную 9-метровую касілку. Шмат тэхнікі на ўласныя грошы прыдбаў СВК “Гігант”: 6 прэсаў ПР-180, столькі ж прычэпаў, МАЗ, гэтымі днямі — 2 трактары “Беларус-82”. Філіял “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік Агра Сэрвіс” папоўніўся граблямі для корманарыхтоўкі. Ды і кожная сельгасарганізацыя займела па адной-дзве адзінкі за ўласныя сродкі.

На гэтую пару, як мы даведаліся, завяршаецца пастаноўка камбайнаў на захаванне ў адпаведнасці з дзяржстандартам. Праведзены агляд тэхнікі, складзены дэфектовачныя акты, распрацаваны ў кожнай сельгасарганізацыі праграмы (на іх падставе раённая) рамонту з указаннем графікаў работ.

— На працягу зімы будзем рыхтаваць тэхніку да новага сельскагаспадарчага сезону — пачынаючы ад пасяўной да корманарыхтоўчай, па ўборцы збажыны і іншай, — удакладняе Аляксандр Каўранін. — Ёсць тэхніка, пад­рыхтоўка якой будзе весціся ва ўмовах спецыялізаванага прадпрыемства ў Магілёве — маю на ўвазе два энерганасычаных трактары “Беларус-3022”. Рамонты нятанныя, у мінулыя гады іх аплату часткова браў на сябе бюджэт, што, вядома ж, з’яўлялася немалой дапамогай гаспадаркам. З рамонтам дробных трактароў, як і штогод, спраўляемся ўласнымі намаганнямі. Веды і вопыт у механізатараў, зваршчыкаў і токараў ёсць, што дае падставу быць упэўненым у своечасовай і якаснай іх падрыхтоўцы.

У мэтах кантролю за ходам рамонтных работ у райсельгасхарчы створаны рабочае звяно і камісія па прыёмцы тэхнікі.

— Штотыдня будзем рабіць маніторынгі сельгасарганізацый з гэтай нагоды, кантраляваць выкананне графікаў, а разам з тым кансультаваць, аказваць метадычную дапамогу, — адзначыў намеснік начальніка райсельгасхарчу.

Алена КАРПЕНКА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.