Гародніна парадавала
3,4 тоны гародніны закрытага грунта: гуркоў, таматаў, салодкага перцу атрымалі і рэалізавалі ў ААТ “Саўгас Кісялевічы” ў бягучым сельскагаспадарчым сезоне. Плюс да гэтага — мелі выручку ад продажу расады.
Гаворачы пра прыбытак ад дадзенага віду дзейнасці, дырэктар Валерый Сяргейчык звяртае ўвагу на той факт, што ў гаспадарцы не прыцягвалі дадатковыя людскія рэсурсы для догляду за пасевамі і зборам ураджаю: усім гэтым, у межах штодзённых абавязкаў, займалася паляводчая брыгада. Таму атрыманы чысты прыбытак не адлюстроўвае дакладнай эканомікі вытворчасці гародніны. Між тым, адно тое, што найбольшыя затраты: набыццё часткі насення (у асноўным выкарыстоўвалі ўласнае) і поліэтыленавай плёнкі на цяпліцу “адбілі” яшчэ на час рэалізацыі расады, пацвярджае, што дзейнасць у тых аб’ёмах, што вядуць у гаспадарцы, дастаткова прыбытковая.
— Саўгасная будаўнічая брыгада займалася і накрыццём цяпліцы. Затраты на гэта суадносныя, для параўнання, з рэсурсамі на закладку адной сянажнай траншэі, якіх мы сёлета заклалі 15, — працягвае абгрунтаванне цікаўнасці да гароднінай дзейнасці дырэктар. — З рэалізацыяй ураджаю праблем не было. Прадавалі ў асноўным на гандлёвых пляцоўках горада, але былі і жадаючыя прыдбаць прадукцыю непасрэдна з цяпліцы — і такому жаданню не адмаўлялі.
З вясной у “Саўгасе Кісялевічы” ізноў плануюць заняцца расадай. Тэхналогію ж вырошчвання гуркоў, таматаў і перцаў збіраюцца некалькі падкарэкціраваць — наблізіць да ўмоў надвор’я.
Алена КАРПЕНКА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.