Темы

Будуць добрымі вынікі — будзе хлеб на стале беларусаў

Будуць добрымі вынікі — будзе хлеб на стале беларусаў

Не парушаючы традыцыі — да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі расказ­ваць пра людзей, якія прысвяцілі сябе служэнню зямлі і аграрнай галіне, — да свята сёлетняга мы напрасіліся ў субяседнікі да Міхаіла Мікалаевіча Стрыжэўскага, дырэктара філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік АграСэр­віс”. Чалавека, які гарманічна спалучае ў сабе якасці кіраўніка старой закалкі (прайшоў усе ступенькі сельгас­вытворчасці — ад трактарыста да дырэктара) і кіраўніка-наватара, перадавых поглядаў на развіццё галіны, вырашэнне злабадзённых пытанняў, умацаванне калектыву. У мэтах нарошчвання аб’ёмаў малака і мяса, зніжэння сабекош­ту прадукцыі, абапіраючыся на прапановы і рэкамендацыі вучоных, у гаспадарцы, наколькі магчыма, укараняюць новыя тэхналагічныя прыёмы і метады (сёлетні год — не выключэнне). Вынік адпаведнага падыходу да гаспадарання, якога ў цесным узаемадзеянні з кіраўніком дасягае зладжаная каманда прафесіяналаў усіх узроўняў — трывала высокія надоі і прывагі. У мінулым годзе на карову надоена 6 400 кг малака, за 10 месяцаў сёлетняга — 5 419 кг, сярэднедзённы ўдой ад рагулі гэтай парой — 15 кг.

Забягаючы наперад, скажу — у павазе свайму кіраўніку работнікі “Харчавіка-Агра” не адмаўляюць. Гэта ці не найбольшая яго заслуга як прафесіянала і чалавека?!

— Міхаіл Мікалаевіч, ведаем вас як нераўнадушнага, зацікаўленага кіраўніка і зусім няшмат — як чалавека: адкуль родам, дзе вучыліся, жывяце?

— Родам я з Любаншчыны Мінскай вобласці. Там жывуць мае матуля, сястра з сям’ёй. Маці ўсё жыццё аддала сельскай гаспадарцы — была за даярку, бацька механізатарам. У сям’і нас дзяцей было шасцёра, я — найстарэйшы, таму з маленства прывучаны да нялёгкай сялянскай працы. Падаю і карову, калі трэба, на трактары любую работу зраблю. Працаваў і трактарыстам, і камбайнерам — усё гэта мне знаёма. Можа таму і хлопцы-механізатары, што сёння працуюць у філіяле, ведаюць, што мяне правесці (усміхаецца) складана. Пасля школы пайшоў у армію, а калі адслужыў, паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую адэмію на гідрафак — па тым часе, напэўна, найскладанейшы з факультэтаў. Там сустрэў сваю другую палавінку. Пажаніліся, яшчэ ў студэнцтве сталі бацькамі дачушкі, пазней нарадзіўся сын. Жонка Галіна Мікалаеўна родам з Варатыні, таму пасля атрымання дыпломаў паехалі на яе малую радзіму. Работу мне прапанавалі не ў мясцовым калгасе, а ў суседнім “Прагрэсе” ў Турках. Там далі жыллё, там дагэтуль жывем. Дзеці дарослыя, раз’ехаліся. Дачка замужам за вайскоўцам, жыве ў Гродзенскай вобласці. Сын у Баб­руйску, працуе ў “Харчавіку-Агра” вадзіцелем. Маю тры ўнучкі — дзедава радасць. Вельмі люблю сваю сям’ю, дзяцей, унукаў, ганаруся кожным. І не разумею тых, хто кажа — дзеці нам абавязаны, ды яшчэ імкнецца з гэтага выгадаць. Лічу, што дзецям трэба і дапамагчы — дзеля гэтага ж жывем.

У “Прагрэсе” працаваў пад началам выдатнага кіраўніка Мікалая Сямёнавіча Фурманава, многаму ў яго навучыўся, прайшоў шлях ад загадчыка майстэрнямі да кіраўніка — узначальваў гаспадарку на працягу 6 год. Пасля аб’яднання з калгасам імя
А. Неўскага 10 год быў намеснікам Васіля Уладзіміравіча Маліноўскага, старшыні калгаса.

— Якія ўспаміны пра той перыяд?

— Самыя цёплыя. Тады многія раённыя сельгасарганізацыі былі на пад’ёме. Што да “Неўскага”, то слава пра яго ішла не толькі ў вобласці. З удзячнасцю згадваю той час: цікавы для дзейнасці і вопыту. Многае было зроблена для дабрабыту людзей: газіфікацыя Кавалёў, асфальтаванне населенага пункта, шмат сельскагаспадарчых аб’ектаў пабудавана, у тым ліку малочна-таварны комплекс “Акцябр” па ўказе Прэзідэнта, зернесушыльны комплекс, праведзена рэканструкцыя ферм, пабудавана бульбасховішча. Болей за 40 жылых дамоў з’явілася на колішняй пустэчы. Пабудавалі мы іх па добрым праекце, з цэнтральнай каналізацыяй, вадаправодам. І цяпер, калі здараецца прыехаць, з гордасцю гляджу, як упрыгожылі яны населены пункт — радуюся, што там і мой унёсак. Сад заклалі — саджанцы збіралі па ўсёй краіне. Пладаносіў нядрэнна. Былі гатункі, якія пры аптымальным захаванні максімальных смакавых якасцяў дасягалі толькі ў маі, чэрвені — яблыка магло захоўвацца да вясны і заставацца таварным. Шмат новай тэхнікі прыдбалі — работа, без перабольшання сказаць, кіпела і дзень і ноч, адпачываць не было як. Тым болей што быў час, калі ў калектыве спецыялістамі адначасова працавала шэсць былых кіраўнікоў гаспадарак — гэта ж якая сіла думкі, ідэй і дзеянняў! Аграномам быў прафесіянал Цімафей Тарасавіч Салановіч. Грошы ў гаспадаркі былі, выручку вялікую мелі… Было многа зроблена, і гэта дае маральнае задавальненне. З таго часу шмат што ўзяў сабе на ўзбраенне.

— Цяпер як працуецца? “Харчавіком-Агра” вы кіруеце ўжо значны час…

— Восьмы год пайшоў. Аграрнікаў, здараецца, папракаюць: недастаткова добра працуеце, не тыя паказчыкі… А я скажу, што гультаёў на сяле няма. Людзі працуюць у меру сваіх магчымасцяў, у тым ліку фінансавых магчымасцяў гаспадаркі. Негатыўна на галіну ўплывае адток сельскага насельніцтва, міграцыя ў гарады. Лю­дзей старэйшага пакалення, якія не тое што сумленна — самаахвярна аддавалі сябе служэнню зямлі, засталіся адзінкі: хто пайшоў на заслужаны адпачынак, каго ўжо няма. З гадамі кадравая праблема толькі абвастраецца — маю на ўвазе і спецыялістаў, і жывёлаводаў, і механізатараў. А гэта значыць, што ў разрад першаступенных выхо­дзіць задача працаваць з моладдзю. Не адмах­вацца ад яе праблем і запытаў, а прыслухоўвацца, за­ахвочваць да работы на сяле ўсімі магчымымі спосабамі: адносінамі, заробкам, даступным жыллём.

Што датычыцца нашай гаспадаркі, то скажу так — робім усё для людзей. Калі я толькі стаў старшынёй “Прагрэса”, мой тата неяк сказаў: “Сынок, ніколі не крыўдзі людзей”. Гэта заўжды памятаю. На гэтым імкнуся будаваць узаемаадносіны ў калектыве. Калі гаварыць пра эканоміку, то лічым, лічым і яшчэ раз лічым. У гэты сельскагас­падарчы год надзвычай падраслі ў цане матэрыяльныя рэсурсы. Мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін, паліва, энерганосьбіты, запчасткі — усё гэта расце ў цане несуадносна закупачным цэнам на сельгаспрадукцыю. Даводзіцца нялёгка — сціскаемся, на ўсім эканомім. Перш чым за якую работу ўзяцца, сем разоў адмераем: прыкідваем, вымяркоўваем, пралічваем. Не будзеш гэтага рабіць — не будзеш мець фінансы, каб рухацца наперад. У першую чаргу стараемся знізіць затраты на вытворчасць прадукцыі. Набываем выключна тое, без чаго не абыйсціся. З чым можна памарудзіць — адкладваем. І, вядома ж, работнікаў арыентуем на павелічэнне вытворчасці працы, бо дабрабыт калектыву залежыць ад унёску кожнага. Радуе, што людзі ставяцца з разуменнем. Радуе, што ў нас каманда моцных спецыялістаў — касцяк, які вызначае вытворчую палітыку гаспадаркі. Гэта і галоўны аграном Валянціна Якаўлеўна Масолава, і галоўны заатэхнік Міхаіл Іванавіч Бандарчук, і галоўныя ветурач Аляксей Валер’евіч Скатарэнка і бухгалтар Вераніка Мікалаеўна Гайковіч. Маем добрых спецыялістаў сярэдняга звяна, высокі ўзровень падрыхтоўкі ў загадчыкаў ферм, зладжана працуе інжынерная служба.

— Бываючы ў вас, бачу, што працуе нямала моладзі?

— Маладых шмат, у тым ліку маладых спецыялістаў. Пытанні іншым разам узнікаюць, але, лічу, што ў рабоце з моладдзю трэба быць церпялівым, з разуменнем ставіцца да іх запытаў — дбаць пра будучыню сельгасвытворчасці. Азіраючыся на жыццё сваіх бацькоў, уласны вопыт, добра ўсведамляю, наколькі нялёгкая праца ў сельскай гаспадарцы, таму ў калектыве імкнемся арганізаваць работу так, каб у моладзі былі і выходныя дні: нехта толькі ажаніўся, у некага нарадзілася дзіця, іншаму неабходна проста пераключыцца, схадзіць куды з сям’ёй, сустрэцца з сябрамі. Хоць сам прарабіў без выходных і святочных — уцягнуўся, гэта стала ладам жыцця — моладзь шкадую. Дый час цяпер другі, іншыя жыццёвыя арыенціры — гэта трэба ўлічваць.

— Калі ўсё ж здараецца вольная гадзіна, чым любіце заняцца?

— Пабыць у самоце. Паду­маць, паразважаць, эмацыйна перазагрузіцца. Людзі розныя. Адзін выказваецца, калі перапаўняюць эмоцыі, другі ўтрымлівае іх у сабе. Я якраз такі. Таму імкнуся пабыць на прыродзе, якую вельмі люблю, паназіраць за яе пераменамі, палюбавацца хараством краявідаў нашай цудоўнай Бабруйшчыны, дзе знайшоў сваю другую радзіму. Іншым разам нават едучы па рабоце, спынюся, пахажу трохі па лесе (у нас многія палі ім ахінутыя), падыхаю водарам. Здараецца, схажу ў грыбы. Хоць у гэтую восень за працай асабліва не давялося…

— Ці сябруе кіраўнік “Харчавіка-Агра” з гаджэтамі, сучаснымі сродкамі зносін?

— Без гэтага цяпер не абыйсціся. Але я кансерватар. Разумею, што інтэрнэт надта зацягвае і незаўважна адбірае час. Таму, каб не шкадаваць пра непрадуктыўна праведзены дзень, абыхо­джу. Дый мне, каб адчуваць пульс гаспадаркі, трэба штохвілінна быць у курсе спраў, сустракацца з людзь­мі, размаўляць з імі, самаму ацэньваць сітуацыю — я не кабінетны работнік. Штодня з 8 да 9 гадзін прыходзяць жыхары з праблемнымі пытаннямі, трэба прыняць пазней — не адмаўляю. Людзі ідуць, шукаем выйсце з той ці іншай сітуацыі, размаўляем — для мяне гэта важна. Пасля ўжо спакойна займаюся вытворчасцю: наведваю аб’екты, сустракаюся са спецыялістамі, жывёлаводамі, механізатарамі.

— Якім быў сёлетні сельскагаспадарчы год для філіяла?

— Нехарактэрным, непрадказальным. Сяўбу ранняй ярыны праводзілі ў тры этапы: з-за вільготнасці немагчыма было працаваць тэхніцы. Але ж зрабілі ўсё своечасова, уздобілі глебу мінераламі, арганікай, унеслі хімікаты — далі ўсё, што прасіла ў нас расліна. Але ж ёй сонца так дапякло — суш, тэмпература высокая працяглы час стаяла. А ў нас жа пяскі скрозь. І хоць палявыя работы пачалі раней за каго — не было года, каб не паднялі ў поўным аб’ёме зябліва — панеслі страты. На славу ўдаўся рапс, а вось збажыны не дабралі. І ад таго, што запасу тых аб’ёмаў фуражу, да якога прывыклі, няма, на душы неспакойна, няўтульна: ад вынікаў жывёлагадоўлі напрамую залежыць заробак калектыву.

— Але ж вы заўжды, наколькі ведаю, запаслівыя на травяны корм?

— Гэтага дастаткова, запас — на паўтара гады. Галоднай жывёла, вядома ж, не будзе, але задача — не знізіць надоі. Дзеля гэтага прадпрынялі шэраг мер, у прыватнасці паклалі ў “рукавы” 460 тон сплюшчанай кукурузы. Два тыдні адводзім на тое, каб даспела, пасля ўвядзем у рацыён. Камбікармы не набываем, гатуем самі з улікам усіх патрабаванняў — маем для гэтага нядрэннае абсталяванне. Атрымліваецца значна танней, чым набываць канцэнтраты. Адносна тэхналагічных момантаў цесна ўзаемадзейнічаем з вучонымі, ёсць цікавыя напрацоўкі. Напрыканцы лістапада, мяркую, адну з іх пачнем рэалізаваць у жывёлагадоўлі. Загадзя казаць нічога не стану, думаю, што вынік будзе станоўчы — тады і падзелімся (усміхаецца).

— З такой любоўю кажаце пра Бабруйшчыну, а ці кліча малая радзіма?

— Гэта ў чалавека неад’емнае. З сённяшняга дня я ў адпачынку. Дзень пабуду дома (між тым, размову мы вялі на працы), а заўтра з малодшым братам, які жыве ў Бабруйску, збіраемся паехаць да мамы. Думаю пра яе заўжды з вялікай пяшчотай: усё жыццё аддала нялёгкай працы ў жывёлагадоўлі, выгадавала і вывучыла шасцёра дзяцей. Такія людзі — залаты фонд краіны. Прыязджаеш дамоў, хочацца схіліць галаву.

— Ці адзначаеце прафесійнае свята ў калектыве?

— Штогод абавязкова рабілі ўрачыстасць, уручалі прэміі, граматы. Сёлета, думаю, утрымаемся: няпростая эпідэміялагічная сітуацыя не дазваляе рызыка­ваць здароўем і жыццём людзей. Знойдзем іншы спосаб аддзя­чыць лепшых з лепшых. Хацеў бы і назваць іх. У жывёлагадоўлі — загадчыца МТФ “Савічы” Вольга Аляксандраўна Шкрадзюк, аператары машыннага даення Ала Міхайлаўна Шурын, Жана Міхайлаўна Юдзіцкая, на вырошчванні маладняку Станіслаў Анатольевіч Шкрадзюк, Зоя Міхайлаўна Сіліч, даглядчык Сяргей Іванавіч Севярын, механізатары Ула­дзімір Уладзіміравіч Юшкевіч, яго сыны Мікалай, Васіль і Павел, таксама Ула­дзімір Сямёнавіч Макавееў з сынам Юрыем, вадзіцель Віктар Аляксандравіч Ступень і ягоны сын-перадавік Аляксандр і многа іншых сумленных, працавітых работнікаў галіны, на якіх ва ўсім магу палажыцца, якія і доб­рую параду дадуць, бо часцяком знізу лепш відаць, чым зверху. Усім сваім работнікам дзякую. З прафесійным святам віншую ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны, жадаю добрага здароўя, дабрабыту. Кіруючаму складу — волі ў дасягненні працоўных вынікаў. Будуць яны ў нас станоўчымі — будзе хлеб і да хлеба на стале беларусаў.

— З надыходзячым святам вас, ваш калектыў і дзякуй за размову.

Бяседу вяла Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву.

Последние новости

Происшествия и безопасность

Достучаться до каждого: в Бобруйском районе прошли профилактические мероприятия МЧС

29 марта 2024
Общество

1 апреля истекают сроки представления деклараций и сведений о доходах физических лиц за 2023 год

29 марта 2024
Актуально

Сергеенко и ряд других руководителей освобождены от прежних должностей в связи с переходом на выборные должности

29 марта 2024
Человек и природа

Ограничения на посещение лесов введены в 40 районах Беларуси

29 марта 2024
Общество

Все вопросы рассмотрены и решены положительно

29 марта 2024
В будущее вместе с нами

Работающая молодежь Бобруйщины соревновалась в бильярде

29 марта 2024
Общество

В Москве с 29 марта по 22 апреля пройдут Дни Могилевской области

29 марта 2024
Общество

Марина Василевская и Олег Новицкий на МКС провели сеанс связи с детьми

29 марта 2024
Человек и природа

Дожди с грозами и до +18°С обещают сегодня синоптики в Беларуси

29 марта 2024
Актуально

Молодежный актив района принял участие в интеллектуально-правовой игре «Модель Шанхайской организации сотрудничества (ШОС)»

28 марта 2024

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем

Общество

В Бобруйском РОВД –– новое назначение   

22 марта 2024
Актуально

У раёне прайшлі “Засеўкі-2024”

26 марта 2024
Актуально

Поздравление от руководства Бобруйского района работникам сферы бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства

24 марта 2024
В будущее вместе с нами

В областном этапе конкурса «Я патриот своей страны» участвует школьница из Бобруйского района

20 марта 2024
Актуально

В Совет Республики выдвинули кандидата от Бобруйского района

19 марта 2024
Актуально

Веселые гуляния, концерт и блины: широкая Масленица прошла в Бобруйском районе

17 марта 2024
Происшествия и безопасность

29 марта в Бобруйском районе пройдет Единый день безопасности дорожного движения

28 марта 2024
Актуально

В Каменской школе соревновались юные инспекторы дорожного движения

16 марта 2024