Темы

Здароўе — у гармоніі

Здароўе — у гармоніі

20 чэрвеня – Дзень медыцынскага работніка

Весці размову з Ларысай Колесавай, валеолагам Бабруйскай гарадской паліклінікі №2, хочацца яшчэ і яшчэ. І не толькі пра прафесію, працоўныя абавязкі і адносіны да іх (хоць з гэтага пачынаем), але пра жыццё ўвогуле — прынцыпы, захапленні, сям’ю, турботы і мары, пра тое, што ўкладвае субяседніца ў сэнс выразу “здаровы лад жыцця” і наколькі гэтага прытрымліваецца.

Шырокі кругагляд, разнастайнасць інтарэсаў, абаяльнасць, натуральнасць, стрыманасць і разам з тым “гарэнне”, гатоўнасць у любы час да дзеянняў, хваляванне з-за таго, ці атрымаецца, дэталёвы аналіз зробленага і няспынны пошук новых форм і метадаў, якія б заахвоцілі вяскоўцаў да клопату пра псіхічнае і фізічнае здароўе, — усё гэта пра Ларысу Уладзіміраўну.

Працавітасці і сумленнаму падыходу да справы (характарыстыка ад галоўнага ўрача БГП №2 Міхаіла Семенюка) мая субяседніца абавязана, як кажа, бацькоўскаму выхаванню. Маці і тата самі вызначаліся адпаведнымі рысамі, за што карысталіся пашанай у калектывах і сярод аднавяскоўцаў, гэткаму змалку навучалі і чацвёра дзяцей.

— Упэўнена, што выкладвалася б на ўсе сто і на любой іншай рабоце, а калі гэта яшчэ супадае з унутраным складам, што і казаць, — адзначае гераіня аповеду.

Далучыцца да медыцыны таленавітай выпускніцы з Віцебшчыны было дзіцячай марай. А таму, што прыйшла ў прафесію — хоць і не адразу пасля школы (паступіла ў Ленінградскі палітэхнічны інстытут), абавязана, як з усмешкай заўважае, мужу-вайскоўцу. Атрымаўшы размеркаванне ў Бабруйск, ён, каб дзейсная па натуры жонка не засумавала, пажартаваў, што спецыяльна для яе “пабудаваў” медустанову. Ідэя Ларысе спадабалася. Вучоба ў Бабруйскім медвучылішчы прайшла цікава, імкліва, тым болей што адзін за адным у сям’і з’явіліся дзеці (цяпер ужо дарослыя, дачка Ульяна таксама ў медыцыне — ветэрынар, сын Яўген абраў бацькаву прафесію).

Да таго як прыйсці ў “раённую” паліклініку, Ларыса Ула­дзіміраўна працавала медыцынскай сястрой у адной, а пасля другой закрытых дзіцячых установах. Цяпер жа цалкам сканцэнтравана на валеалогіі — навуцы пра здаровы лад жыцця, якая вывучае ўзровень, рэзервы і патэнцыял псіхічнага і фізічнага здароўя чалавека, спосабы і метады яго ўмацавання.

Мая субяседніца — часты госць у дзіцячых і дарослых калектывах раёна. І калі ўвагу непаўналетніх засяроджвае часцей на карысці спартыўных заняткаў, на пагрозе для іх арганізма шкодных звычак: курэння, ужывання алкаголю, наркотыкаў, даводзіць аб наступствах нематываванага выкарыстання мабільных тэлефонаў ды іншым, то ўвагу дарослых — як у сучасным імклівым рытме захаваць псіхічнае і фізічнае здароўе, не страціць асалоды ад жыцця.

Для юных субяседнікаў — асабіста не раз упэўнілася — у Ларысы Колесавай назапашаны цэлы арсенал аргументаў за здаровы лад жыцця. Яе сустрэчы з дзецьмі вызначаюцца душэўнасцю і цеплынёй, шчырасцю і адкрытасцю. “Што менавіта кранула дзіцяці, па якім пытанні ён чакае ўдакладнення, бачыш ужо па выразе вачэй, — кажа спецыяліст, — таму нагляднасць падчас мерапрыемстваў абмяжоўваю, імкнуся да дыялогу. Злавіўшы пытальны погляд дзіцяці, абавязкова знаходзіш магчымасць адказаць, патлумачыць, даць маленькаму чалавечку выгаварыцца, бо дома яго, хутчэй за ўсё, не чуюць.

Увогуле сям’я, гармонія ў ёй, па словах спецыяліста, — аснова асноў здароўя чалавека, папярэджанне многіх відаў немачы. Узаемапавага паміж дарослымі, турбота і клопат адзін пра аднаго не толькі заражаюць душэўнай раўнавагай іх саміх, але надаюць упэўненасці дзецям, робяць ім “прышчэпку” ад хвароб, нягод, збочвання з правільнага шляху.

— Сям’я — гэта крэпасць, — кажа мая суразмоўца, — дзе зразумеюць, пашкадуюць, падкажуць. Але яе трэба мацаваць, туды нельга несці негатыў, якія б пачуцці не ахоплівалі. Асабіста я ў сям’і і толькі там знаходжу вырашэнне ўсім сваім пытанням. Выкарыстоўваем любую магчымасць, каб сабрацца разам. Шмат падарожнічаем: з мужам, дзецьмі, хоць сын і дачка жывуць у іншых гарадах. Гэта найшчаслівейшыя імгненні. У апошнія гады — па сваёй краіне. І столькі цікавага адкрылі для сябе ў Беларусі! Незабыўныя ўражанні пакінула святкаванне тысячагоддзя Брэста. Улюбілася ў гэты горад з першага разу і цяпер выношваю мару калі-небудзь туды пераехаць.

Яшчэ адна мара маёй субяседніцы звязана з грамадскай дзейнасцю. Як чалавеку нераўнадушнаму і дзейснаму калектыў даверыў Ларысе Ула­дзіміраўне ўзначаліць пярвічку грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”. А ў яе ўжо гатова і прапанова да вышэйшай структурнай адзінкі — стварыць жанчынам у Бабруйску ўмовы для заняткаў танцамі.

— Праблема сапраўды ёсць. Неяк мы з сяброўкамі вырашылі такім чынам разнаста­іць вольны час. Музыка, харэаграфія — каму не падабаецца? Заражае пазітывам, абагачае эмацыйна, прымушае трымаць сябе ў форме. І сутыкнуліся з тым, што заняткі альбо для моладзі, альбо не па кішэні, не разлічаны на сярэдні заробак. А трэба, лічу, каб такі від адпачынку быў даступны ўсім, незалежна ад узросту і матэрыяльнага становішча як адзін са складнікаў здаровага ладу жыцця, ступенька да ўнутранай гармоніі. Здароўе ж чалавека не толькі ў правільным харчаванні, пазбяганні шкодных звычак, рэжыме дня, хоць гэта вельмі важна, але ва ўнутранай гармоніі — уменні захапляцца прыродай, быць уважлівым да людзей, не адказваць негатывам на негатыў… Будзе гармонія ў душы чалавека — будзе ў яго сям’і, у краіне.

Дзеля ўнутранай раўнавагі, псіхічнага здароўя, па словах валеолага, проста неабходна пераключацца з аднаго віду дзейнасці на другі незалежна ад таго, падабаецца прафесія ці не. І не важна — танцы гэта будуць ці нешта іншае. Сама яна, як кажа, “жыве” ў гэтыя дні агародам.

— Не скажу, што ўраджай атрымліваю багаты, але гэта і не мэта. Падабаецца сам працэс, назіранне за раслінамі — вось яны маленькія, вось падраслі, а вось ужо кветкі! Падабаецца слухаць цішыню пасля гарадскога гоману і працоўнай мітусні, слухаць птушак — адчуваць жыццё. Прыходзіш пасля на працу абноўленым, са свежай галавой — з жаданнем бярэшся за звыклыя абавязкі.

Быць здаровым — гэта вялікая праца, лічыць Ларыса Уладзіміраўна. Менавіта праца, а не грошы, як мяркуюць іншыя.

— Часта ў размове субяседнікі апаніруюць, што здаровы лад жыцця патрабуе вялікіх грошай і часу. Я ж на гэта адказваю — для пачатку трэба пазбавіцца ад ляноты і паспрабаваць нешта змяніць. Выбар за чалавекам — пасядзець ля тэлевізара ці праехацца на веласіпедзе, з’есці, што трапіць пад руку ці загадзя прадумаць рацыён, “начаваць” на градах ці запланаваць аб’ёмы па сіле, спалучаць фізічную працу з адпачынкам.

Зрэшты, мая субяседніца ўпэўнена: прыйдзе час, калі валеалогіі (навуцы, аб’ектам якой з’яўляецца практычна здаровы чалавек і чалавек у стане перадхваробы) будзе адведзена нашмат большая, чым цяпер, роля. У Бабруйску, магчыма, з’явіцца цэлы спецыялізаваны цэнтр. І, перш чым наведаць урача, чалавеку будзе рэкамендавана сустрэцца з валеолагам, чые прафесійныя парады ў многіх выпадках пазбавяць неабходнасці ў доктары. Ва ўрача ж тым часам з’явіцца болей магчымасці сканцэнтравацца на праблемах практычнай медыцыны, дзе без яго ўдзелу і ведаў не абыйсціся.

Але гэта ў будучым. Цяпер жа асновы здаровага ладу жыцця прывівае вяскоўцам Бабруйшчыны, разам з іншымі раённымі службамі, Ларыса Ула­дзіміраўна Колесава. І яе энергія ў гэтым плане бязмежная.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара і з архіву рэдакцыі.

Последние новости

Человек и природа

Погода на выходные: дождливо, прохладно и ветрено

20 апреля 2024
Общество

Профсоюзная юридическая помощь в действии: на все интересующие вопросы получены ответы

19 апреля 2024
Актуально

Дэпутаты падвялі вынікі работы Маладзёжнага парламента

19 апреля 2024
Актуально

Работать максимально эффективно. На заседании райисполкома рассмотрели итоги социально-экономического развития района за 1-й квартал текущего года

19 апреля 2024
Происшествия и безопасность

Исправные электроустановки в доме — залог вашей безопасности

19 апреля 2024
Общество

В Беларуси дополнен перечень организаций, где можно пройти альтернативную службу

19 апреля 2024
Актуально

Слово — делегатам ВНС. Александр Суходольский, председатель райисполкома: «Всебелорусское народное собрание — уникальная площадка для общественной дискуссии».

19 апреля 2024
Деятельность Президента

Лукашенко произвел кадровые назначения в структуре Следственного комитета

19 апреля 2024
Общество

Министерство транспорта и коммуникаций проводит правовой мониторинг

19 апреля 2024
Общество

Новым главным лесничим Бобруйского лесхоза стала Елена Порсик

19 апреля 2024

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем

Происшествия и безопасность

Итоги проведения в Бобруйском районе специального комплексного мероприятия «Нелегал»

12 апреля 2024
В будущее вместе с нами

Школьница из Бобруйского района принимает участие в финале республиканского конкурса «Я патриот своей страны»

10 апреля 2024
Общество

19 апреля в Бобруйском районе временно будет приостановлено вещание эфирного телевидения

7 апреля 2024
Происшествия и безопасность

Госавтоинспекция контролирует соблюдение ПДД водителями транспорта предприятий

10 апреля 2024
Актуально

Наводим чистоту: Бобруйщина вышла на районный субботник

13 апреля 2024
Актуально

У паліклініцы №2 новы галоўны ўрач

12 апреля 2024
Сельское хозяйство

У ААТ «Міхалёўская Ніва» сеюць пшаніцу

10 апреля 2024
Актуально

Внимание! В Бобруйском районе введено ограничение на посещение леса

9 апреля 2024