У «Міхалёўскай Ніве» сеялі ячмень
Паназіраць за работай механізатараў, пацікавіцца настроем калектыву на працу і будучыя заробкі ў гаспадарку мы наведаліся ў чацвер. Работы ў гэты дзень вяліся на полі паблізу вёскі Узнога, задачу вытворчы атрад выконваў звыклую — сеяў яравы ячмень.
Да ўнясення пасяўнога матэрыялу ў зямлю па ўзараным загадзя полі хадзіў трактар МТЗ-3022 з культыватарам, выконваў дыскаванне глебы з прыкатваннем для ўшчыльнення апошняй. Гэтую тэхніку ў суправаджэнні безлічы птушак першай і сустрэлі на полі. За штурвалам высокавытворчага трактара сядзеў не навічок у сельскай гаспадарцы, але новы ў калектыве (працуе ад пачатку красавіка) Анатоль Мікалаевіч Кузьмінчук. Новыя абавязкі, па словах механізатара, яму даспадобы, і хоць з полем доўгі час спраў не меў (сям’я пераехала ў Іванаўку з Бабруйска), цікавасць да тэхнікі і набыты да гарадскога перыяду жыцця вопыт дазволілі бесперашкодна яе асвоіць.
Непасрэдна сяўбу на трактары МТЗ-3022 у агрэгаце з сеялкай АКПМ-6 ажыццяўляў перадавік вытворчасці, пра якога неаднойчы ў раённай газеце пісалі, Анатоль Анатольевіч Кукабака.
Настрой на працу, па словах субяседніка, выдатны: вясна і сяўба для яго заўжды чаканыя.
— На полі не першы дзень. Авёс ужо пасеялі, цяпер узяліся за ячмень, — кажа механізатар. — Заробак будзе залежаць ад аб’ёму выкананага, расцэнкі ведаем, таму галоўнае цяпер — не зніжаць напружання.
Сеялка час ад часу патрабуе дазапраўкі насеннем. Для гэтага на полі з адпаведнай тэхнікай Аляксандр Уладзіміравіч Рослік.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.