Павагу людзей заслужыў

Мікалай Мацвеевіч Іваноў (у лютым адзначыў 70-гадовы юбілей) — з тых, хто ўмацоўваў падмурак гаспадаркі СВК “Гігант”. Менавіта ўмацоўваў. Бо слава пра калгас, высокія ўраджаі і такія ж удоі, на момант яго прыходу (за старшыню быў Аляксандр Аляксандравіч Сакун) грымела далёка за межамі раёна — “гігантаўцаў“ ставілі ў прыклад, на іх раўняліся. Амбіцыйным, з мноствам станоўчых ініцыятыў і рашучасцю іх увасобіць прыйшоў да кіраўніцтва ўжо пры ім Міхаіл Пятровіч Левакоў.

— Малады кіраўнік узяў курс на актыўнае абнаўленне сельгас­тэхнікі, з гадамі стала з’яўляцца высокавытворчая замежная, — расказвае герой аповеду. — І гэта было дальнабачным: моладзь узяла курс на горад — сельгаскалектывы змяншаліся. Сучасная ж тэхніка дазваляла абыходзіцца меньшай колькасцю рук, не губ­ляючы тэмпаў і якасці палявых работ, заахвочвала да земляробчай справы.

Мікалай Мацвеевіч трапіў у тады яшчэ калгас “Гігант” пасля заканчэння Жыліцкага сельгастэхнікума, дзе вывучыўся на агранома. Размеркавалі яго ў Бабруйскі раён, а ў дадзеную гаспадарку папрасіўся, каб бліжэй было да бацькоў (родам з вёскі Дварэц Рагачоўшчыны, што ў 12-ці кіламетрах ад Вялікіх Бортнікаў), якія мелі патрэбу ў яго дапамозе. На першае працоўнае месца малады спецыяліст прыехаў не адзін — з другой палавінкай (Алена Піменаўна таксама працавала ў гаспадарцы).

— Больш за год пахадзіў трэцім аграномам — трэба ж было абіцца: пазнаёміцца з людзьмі, гаспадаркай. На які б фронт работ ні пасылалі, ішоў безагаворачна, унікаў у справу, стараўся выканаць яе як найлепш. Прыйшоў у калгас у снежні 1972 года, а ў сярэдзіне красавіка 1975-га мяне ўжо прызначылі начальнікам вытворчага ўчастка №2 у Малых Бортніках. І ў гэтай пасадзе адпрацаваў, нікуды не збочваючы, больш за 30 год, — кажа субяседнік.

“Лёгка не было. Людзей на работу ў сезон прыходзіла і па 180 чалавек, адных трактароў у брыгадзе налічвалася каля
50-ці. Кожнага механізатара трэба было забяспечыць працай, улічваючы і марку трактара, і неадкладнасць справы, і нават характар чалавека. У канцы працоўнага дня ў кожнага пры­няць, ацаніць работу і дадзеныя перадаць адказным за улік для налічэння заробку”, — згадвае круг штодзённых абавязкаў Мікалай Мацвеевіч.

Участак №2 — гэта таксама і жывёлагадоўчыя аб’екты. Але тут, па словах героя аповеду, за памочнікаў былі загадчыкі фермаў. І толькі праблемы, якія ім не паддаваліся, вырашаў ён — ці самастойна, ці выносіў на кіраўніцтва. Ды і фермам болей увагі надавалі зімой, калі зямля адпачывала. Асноўныя ж работы яго падначаленыя вялі на палях, з вясны і да позняй восені.

Як знаходзіў падыход да лю­дзей? На гэтае пытанне субяседнік толькі ўсміхаецца:

— З людзьмі нялёгка працаваць: кожнаму не дагодзіш. Але ж калі ў аснове справядлівасць, то любое пытанне вырашальнае. На гэтым работу і будаваў. Атрымлівалася.

Пацвярджэнне таго, як годна спраўляўся субяседнік з даручаным фронтам работ, — ордэн Працоўнай Славы 3-й ступені, медалі ВДНГ, лісты ўдзячнасці і граматы, якіх у сямейным архіве безліч, прэміі і падарункі за паспяховую працу, пашана калектыву і кіраўніцтва. Дый на заробак, як кажа, ніколі не наракаў: кожны ў гаспадарцы атрымліваў па заслугах.

Усяго праз год працы гаспадарка вылучыла маладому спецыялісту жыллё ў Вялікіх Бортніках, там сям’я Івановых жыве дагэтуль. Праўда, цяпер ужо малым складам: сыны вывучыліся і разышліся. Раней, па словах субяседніка, ён сур’ёзна займаўся і хатняй гаспадаркай, на падворку нават дзве каровы меліся — хацелася добра жыць, даць нешта дзецям. Цяпер сыны абыходзяцца без бацькоўскай падтрымкі — самі стараюцца дапамагчы. Старэйшы вось ужо тры гады як з сям’ёй у Амерыцы, малодшы тут, у Бабруйску — прадпрымальнік.

— Цяпер ужо дзеці нам болей дапамагаюць, чым мы ім, — з гордасцю кажа бацька. — Часта прыязджаюць, і ўнукі таксама, а з гэтай эпідэміяй у вёсцы тым болей спакайней.

У брыгадзіра з багатым вопытам, выдатнага арганізатара і гаспадара мы запыталіся і пра тое, што, па яго меркаваннях, у аснове поспехаў сельгасарганізацыі? Адказ асабіста для мяне быў чаканым:

— Стан спраў у гаспадарцы на ўсе сто працэнтаў залежыць ад кіраўніка, яго дасведчанасці, “гарэння”, арганізатарскіх здольнасцяў. Кіраўнікі “Гіганта”, з якімі давялося працаваць, былі якраз такімі. Міхаіл Пятровіч Левакоў, пад чыім кіраўніцтвам я брыгадзірстваваў тры дзясяткі год, глядзеў на развіццё гаспадаркі маштабна, захады рабіў на перспектыву і нас, работнікаў, цаніў і паважаў. Я неаднойчы казаў яму: “Вам трэба не калгасам кіраваць, а ў акадэміі выкладаць”.

…Нашую гутарку з колішнім перадавым начальнікам вытворчага ўчастка №2 у цэнтры аграгарадка перарваў аднавясковец, які, спяшаючыся па справе, не мог не пацікавіцца (пра што, выбачаючыся, сказаў) здароўем Мікалая Мацвеевіча. І ад душы парадаваўся, што “дзякуй богу”. Шчырасць зацікаўленасці была відавочнай, і мне падумалася — што-што, а павагу людзей Мікалай Мацвеевіч Іваноў дакладна заслужыў. А гэта проста так не даецца.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.