Темы

Марына Аўрамчык: “Упэўнена, што ў філіяла “Варатынь” стабільная будучыня”

Марына Аўрамчык: “Упэўнена, што ў філіяла “Варатынь” стабільная будучыня”

Калектыў філіяла “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” другі год запар не пакінуў шанцаў на лідарства ў асноўных намінацыях працоўнага спаборніцтва іншым раённым сельгасарганізацыям. Па выніках работы ў 2020 годзе гаспадарка прызнана пераможцам у намінацыях “За эфектыўнае выкарыстанне сельгасугоддзяў”, “За павелічэнне вытворчасці зерня”, “За павелічэнне вытворчасці малака”, “За павелічэнне вытворчасці мяса”, 3-га месца ўдастоена “За павелічэнне вытворчасці рапсу”.

У чым сакрэт поспехаў “Варатыні”? Пра гэта і іншае пагаварылі з памочнікам дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ “Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў” Марынай Аўрамчык.

— Марына Мікалаеўна, як, скажыце, удалося дасягнуць прарыву ў малочнай галіне — з 5 000 з гакам кілаграмаў на карову ў 2019 годзе выйсці на 7 046 кг у 2020-м, атрымаць небывалы ў раёне паказчык удою?

— Працай. Па ўсіх накірунках. За гэта ўдзячна ўсяму калектыву, разам з якім мы адолелі вялікі фронт работ. Удасканалілі тэхналогіі вытворчасці малака і вырошчвання жывёлы. Цалкам пераглядзелі рацыёны кармлення статку — з-за адсутнасці свайго галоўнага заатэхніка папрасілі садзеяння ў гэтым у райсельгасхарчы. Пераглядзелі крытэрыі аплаты працы работнікаў, дзякуючы чаму павысіліся заробкі і камандны дух на малочна-таварных аб’ектах. Людзі бачаць вынік, бачаць павялічаныя заробкі і імкнуцца працаваць яшчэ лепш. Калі я заступіла на пасаду ў 2019 годзе, аператары машыннага даення атрымлівалі па 300-400 рублёў. Сёння іх заробак значна вырас, сярэдні па гаспадарцы склаў 869 рублёў. Правялі вялікую работу з кадрамі. З калектывамі штодня збіраемся, абмяркоўваем, што прынесла плён, а што не атрымалася і чаму. Не пакідаем без увагі ніводнае пытанне, добра разумеючы, што ў дасягненні станоўчага выніку дробязяў не бывае. Я ж для сябе зразумела, што з людзьмі, асабліва вясковымі, трэба размаўляць. Пра вытворчасць, жыццё, сям’ю… Недзе нават падштурхоўваць — гэта такая асаблівасць сельскіх жыхароў, выкліканая, як мне здаецца, нетаропкім укладам вясковага жыцця. Пры гэтым сяльчане больш адкрытыя за гара­джан. Калі зразумелі, паверылі табе — абавязкова адгукнуцца, аддадуць, зробяць.

— Сярод перадавікоў раённага спаборніцтва, таксама не першы год, два вашыя калектывы: малочна-таварнай фермы №1 аг. Варатынь і фермы па вырошчванні буйной рагатай жывёлы в. Аўсімавічы. Што ў аснове іх лідарства?

— Зноў жа — людзі. І адзін, і другі жывёлагадоўчыя аб’екты ўзначальваюць адказныя і вопытныя загадчыкі — Фёдар Васільевіч Козыраў і Анатоль Іванавіч Еўдакімаў. Мала таго, што самі нацэленыя на станоўчы вынік, дык умеюць арганізаваць калектывы на гэта. Прычым, МТФ №1 трымае лідарства нягледзячы на прывязное ўтрыманне там рагуль — з больш нізкім вытворчым патэнцыялам у параўнанні з сучаснымі комплексамі, дзе жывёла ўтрымліваецца бяспрывязна, што яшчэ раз пацвярджае зладжанасць і мэтанакіраванасць калектыву. Не магу не падзяліцца, што на МТФ “Варатынь” мы сёлета выпрабавалі практыку ўтрымання маладняку ад нараджэння да трохмесячнага ўзросту кругласутачна на свежым паветры. Цяляткі знахо­дзяцца — знаходзіліся і ў 20-градусныя маразы — у індывідуальных пластмасавых хатках, якія мы набылі пад поўную патрэбу. Дадзены спосаб вырошчвання маленькай жывёлы сябе апраўдаў, на гэта ўказвае і высокая захаванасць маладняку, і выдатны выгляд цялятак. Укараняем гэтую тэхналогію і на іншых нашых аб’ектах. Але тут неабходна адна ўмова — жывёлавод на доглядзе павінен быць надзвычай адказны, і на нашай МТФ “Варатынь” менавіта такі. Вялікую ўвагу ў мінулым годзе надалі павышэнню якасці травянога корму: сенажу і сіласу. Перазалужылі пашу, падсеялі багатымі на бялок бабовымі культурамі, выкарыстоўвалі адналетнюю траву.

Калектыў фермы па вырошчванні буйной рагатай жывёлы в. Аўсімавічы

Разумеючы, што павелічэнне рэнтабельнасці жывёлагадоўчай прадукцыі, таго ж малака, напрамую залежыць ад выдаткаў на яе вытворчасць, мы на 2020 год ставілі сабе задачу значна павялічыць, праз дадатковыя пасяўныя плошчы і ўдасканаленне тэхналогій вырошчвання раслін, аб’ёмы зерня, цалкам забяспечыць жывёлу ўласнымі камбікармамі — стабільнай базай канцэнтратаў. А канцэнтраты — гэта малако.

Дзеля нарошчвання зерня павялічылі пасяўныя плошчы пад азімую збажыну, скарацілі пад яравую. Набылі пад поўную патрэбу мінеральныя ўгнаенні, сродкі па доглядзе пасеваў. У выніку забяспечылі сябе паўтарагадавым аб’ёмам зерня. Прычым, на сваім міні-заводзе яго не проста здрабняем, а дадаем усё тэхналагічна неабходнае для атрымання якасных камбікармоў, што рэгулярна пацвярджаем лабараторна. Усё гэта дазволіла нам выйсці на 20-працэнтную рэнтабельнасць малака. А значнае павелічэнне аб’ёмаў прадукцыі прывяло да павелічэння выручкі. Столькі тэхнікі набылі за мінулы год, і тры трактары вылучыла галаўное прадпрыемства, каб мы толькі стараліся.

— Марыя Мікалаеўна, ці можна сказаць, што філіял “Варатынь” сёння фінансава самастойная гаспадарка?

— Так. Вельмі важным для сябе лічу, што мы за 2020 год, значна павялічыўшы выручку, выйшлі на фінансавую самастойнасць: рэнтабельнасць продажу прадукцыі склала 5,3%, малака — 20%. І ўжо цяпер мы маем магчымасць, дасягнуўшы такога аб’ёму прадукцыі і выручкі, самастойна развівацца.

— Якая, лічыце, у гэтым заслуга прамыслоўцаў?

— Гэта і стала магчымым дзякуючы далучэнню сельгасарганізацыі да ААТ “БЗТДіА”. Без старту — матэрыяльнай падтрымкі з боку завода выйсці на самаакупнасць было б немагчыма. Прычым, тут вялікая заслуга асабіста дырэктара ААТ Уладзіміра Віктаравіча Кісяля. Бо вядома — колькі грошай не ўкладзі ў прадпрыемства, але калі кіраўнік не зацікаўлены ў выніках, нічога не будзе.

— Вы гараджанка, жывеце ў Бабруйску. Пры гэтым разумееце псіхалогію вяскоўцаў і выдатна спраўляецеся з сельгасвытворчасцю. Адкуль гэта?

— Я скончыла Горацкую сельгас­акадэмію, эканамічны факультэт, і прыйшла ў гэтую гаспадарку, тады яшчэ калгас імя Пушкіна, па размеркаванні. Была за галоўнага бухгалтара. Пры мне сельгасарганізацыя была далучана да завода ТДіА і атрымала статус філіяла. Сама я ў хуткасці перайшла на работу на галаўное прадпрыемства начальнікам бюро, адтуль — у адпачынак па доглядзе дзіцяці да 3 год (выхоўвае трое дзяцей, наймалодшаму — два з паловай гады). З-за сямейных абставінаў адпачынак перарвала — на рабоце прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па сельскай гаспадарцы. Напачатку было надзвычай цяжка: штодня ехала ў Варатынь, турбавалася пра немаўля, якое заставалася з маёй маці, хвалявалі незразумелыя пытанні сельгасвытворчасці, захаванасці жывёлы. Пры гэтым выразна разумела, чаго ад мяне чакаюць, і ведала, што не справіцца не магу сабе дазволіць. На нарадах уважліва прыслухоўвалася да вопытных кіраўнікоў, вучылася на ўласных памылках… Цяпер ужо ўпэўнена — у філіяла “Варатынь” стабільная будучыня. Але ж на дасягнутым не заспакойваемся. Амбіцыйныя планы на бягучы год — павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы і павялічыць гадавы ўдой на рагулю да 8 тысяч кілаграмаў пры заданні 7 500 кг.

Дарэчы
Паказчык вытворчасці малака, дасягнуты філіялам “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” за 2020 год, — 9-ты па велічыні сярод сельгасарганізацый Магілёўшчыны, па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы — 7-мы ў вобласці.
У рэспубліканскім рэйтынгу паказчыкаў сярэдняга ўдою малака ад адной каровы ў год гаспадарка з 410 месца ў 2019 годзе паднялася на 206-е па выніках 2020-га.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.
На фота к матэрыялу — калектыў малочна-таварнай фермы №1 аг. Варатынь.

Последние новости

Общество

В фокусе внимания – Глушанский сельсовет

17 июля 2026
Читать новость
Общество

Хватит ли баллов, чтобы поступить? Рассказываем, как проходит приемная кампания в вузах страны

17 июля 2026
Читать новость
Актуально

Мониторинг «БелГИЭ»: МТС подтвердил лидерство по качеству связи в Республике Беларусь

17 июля 2026
Читать новость
Происшествия и безопасность

ГАИ просит отозваться очевидцев ДТП

17 июля 2026
Читать новость
Общество

19 июля пройдет традиционный крестный ход, посвященный престольному празднику Ризоположенского храма аг. Горбацевичи

17 июля 2026
Читать новость
Общество

18 июля в Бобруйском райисполкоме проведет прямую телефонную линию Марина Тарелкина

17 июля 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем