Темы

Мікулічы і яе жыхары

Мікулічы і яе жыхары

Вёска Мікулічы (назва, хутчэй за ўсё, паходзіць ад прозвішча Мікула, варыянт ад імя Мікалай) у свой час была адной са шматлюдных у акрузе. Стагоддзе таму, у 1917 годзе, у населеным пункце налічвалася 129 двароў, 743 жыхары. Для параўнання, сёння тут, па звестках Кавалёўскага сельвыканкама, зарэгістравана 58 жыхароў на 39-ці домаўладаннях. Праўда, хат у Мікулічах значна болей, чым тыя, у якіх людзі жывуць на пастаяннай аснове, — многія, як і ў іншых маланаселеных вёсках, выкарыстоўваюцца пад дачы.

Мінулае

Гісторыя Мікулічаў налічвае не адно стагоддзе. У пісьмовых крыніцах населены пункт упершыню згадваецца ў 1560 годзе як сяло Бабруйскага староства Рэчыцкага павета Вялікага княства Літоўскага. Вядома, што на 1639 год (кніга “Памяць” Бабруйскі раён) тут было 8 гаспадарак, 40 жыхароў мужчынскага полу. У 1786 годзе — 19 гаспадарак, якія ўваходзілі ў склад маёнтка Міхалёва, шляхецкая ўласнасць. Увогуле, за час свайго існавання якой толькі прыналежнасці не перажылі Мікулічы — пабывалі ў складзе Расіі, належалі памешчыкам Кальчэўскім. Паводле перапісу 1897 года — вёска Туркоўскай воласці Баб­руйскага павета з 88 дварамі і болей за шэсць соцень жыхароў, дзейнічаюць ветраны млын, крупарушка, дзве хлебазапасныя крамы, пастаялы двор. З часам сяло яшчэ пашырылася — у 1917 годзе колькасць насельнікаў набліжалася да сямі з паловай соцень. У 1913 годзе з’явілася земскае народнае вучылішча, у 1922-м — сельскагаспадарчае таварыства “Ураджай”. Паводле перапісу 1926 года Мікулічы налічвалі 137 гаспадарак, люду, у параўнанні з 1917 годам, зменшылася да 670 чалавек. У 1931 годзе на навакольных землях арганізаваны калгас “Чырвоныя Мікулічы”, працавалі ваўначоска, кузня, млын. А вось дадзеныя канца 20-га стагоддзя выразна даюць зразумець, што вёска значна “абмялела” на людзей — у 1997 годзе на 84 мікуліцкія двары прыходзілася 165 жыхароў, на той час яшчэ дзейнічалі ферма буйной рагатай жывёлы, машынны двор, клуб, магазін.

Усяго гэтага даўно няма. Напамінкам стаіць хіба што напаўразбуранае збудаванне мясцовай крамы па вуліцы Жлобінскай. Там жа непадалёк месцілася і школа, дзверы якой зачыніліся для мясцовай дзятвы ў 1977 годзе.

Валянціна Мікалаеўна Мартынчык

— Год добра запомніла, — кажа 63-гадовая Валянціна Мікалаеўна Мартынчык, чыё домаўладанне па вуліцы Жлобінскай здалёк вылучаецца дагледжанасцю. — Мы якраз пажаніліся, і школу нам вылучылі пад кватэру. Жылі там, пакуль свой дом не набылі. У хуткасці зачынілі магазін, а пасля і клуб — чалавек яго купіў сабе пад дачу.

Валянціна Мікалаеўна родам з Мікулічаў. З суседняй вуліцы, як кажа, і муж Мікалай Мікалаевіч. Месца жыхарства Мартынчыкі не мянялі, знайшлі сабе прымяненне ў родных пенатах. Гаспадар усё жыццё прамеханізатарстваваў у мясцовым калгасе, сама яна працавала ў Доме быта ў Турках, была ў магазіне за качагара, пасля таго як захварэла на астму — сацработнікам, а бывала, што і выключна хатняй гаспадаркай займалася.

— Каго толькі не было на падворку, — згадвае жанчына, — і па тры каровы ў хляве стаяла: трэба ж было дзяцей вучыць. Пакуль вывучылі, пакуль расправілі — цяпер сядзім з дзедам, чакаем, калі прыедуць ці прыдуць (жанчына з пяшчотай паказвае фотаздымкі ўнукаў на сцяне). Дачка штовыходных з горада прыязджае. Яна ж наво­дзіць тут парадак — з мяне работнік ужо такі сабе. Старэйшы сын пусціў карані тут жа, у Мікулічах, працуе на чыгунцы. Малодшы за агранома ў Іванаўцы. Ва ўсіх сем’і, так што ўнукаў багата. Дзеці ўважлівыя, прыходзяць і прыязджаюць, унукі прыбягаюць, усё, што трэба — дапамагаюць.
У адтсутнасці крамы ды іншых сацыяльных паслуг мікуліцкія жыхары бяды не бачаць.

— Жоўты аўтобусік прыязджае ў аўторак і суботу, — кажа субяседніца, — ля дому спыніцца, купім, што трэба. Бывае і сяльпоўскі. А не — дык дачка з гораду прывязе. Свайго паштальёна няма, але прыязджае, таксама на машыне, і ўсё прывозіць: і газеты, і пенсіі. Так што нічым мы не абдзеленыя, жыць можна. А зусім побач — элект­рычка (вуліца Жлобінская падыходзіць пад самую чыгунку, прыпынак “Мікулічы”), увогуле красата! Жыць можна, абы здароўе было! — зноў паўтарае субяседніца.

Праўда, згаджаецца, што люду — тых, хто жыве пастаянна, у вёсцы засталося мала. Сярод іх і тыя, хто да работы не імкнецца, бадзяюцца, абы дзень пражыць, але ёсць і гаспадары.

Памятаеце такі спосаб утрымання вядра з вадой? У сям’і Мартынчыкаў ён дагэтуль актыўна выкарыстоўваецца

Сённяшняе

Дамоў-гмахаў ды ўвогуле новабудоўляў у Мікулічах не заўважылі, хіба што некалькі невялічкіх, прызначаных, трэба разумець, пад лецішча. У асноўным хаты “немаладыя”, многія — з па-мастацку аформленымі аканіцамі. Сярод нежылых сустрэнеш і тыя, пра якія кажуць “ураслі ў зямлю” (засталі Мікулічы ў самым росквіце), і з унушальнымі, у параўнанні з самой хатай, брамамі. Ёсць і адноўленыя, з сучаснымі вокнамі, агароджай. Па памеру Мікулічы немалыя, як мінімум, на пяць вуліц. Некаторыя домаўладанні з часам апынуліся, як на “астраўку”: састарэлае жыллё вакол знесена, нямала і таго, што чакае свайго часу.

Сустрэць у маланаселенай вёсцы ў марозны зімовы поўдзень чалавека — вялікая рэдкасць. На вуліцы руху ў гэтую пару звычайна аніякага — ад снегу домаўладанне гаспадары ачышчаюць з раніцы ці калі зноўку падсыпле. Калі ж здараецца чалавеку выйсці, то не далей двара: набраць вады з калодзежа, накарміць-напаіць жыўнасць.

Сям’я Шаўчэнкаў

Якраз апошнім намерваўся заняцца і Міхаіл Мікалаевіч Шаўчэнка з вуліцы Астроўскага, калі пачуў гукі нашага легкавіка (да яго падворка збочылі з прычыны выдатна ачышчанага месца). Кукурузныя пачаткі падрыхтаваў, каб палакаміць дробную жывёлу. Нясушкам гэты корм, як было відаць, надта падабаўся — хадзілі за гаспадаром чарадой. Па словах Міхаіла Мікалаевіча, у вёсцы ён і тутэйшы, і не зусім: перабраліся на жончыну малую радзіму не меней за 10 год таму, пасля таго як пайшлі на заслужаны адпачынак.

— У горадзе пажылі, а тады назад вярнуліся, — смеючыся, далучаецца да размовы Ніла Леон­цьеўна (выбегла з хаты, па вясковай звычцы, без верхняй вопраткі). — А што там на пятым паверсе сядзець?

Хату, па словах жанчыны, яны, як і многія тут, купілі і перарабілі пад сябе. Адразу завялі вялікую гаспадарку. Дзеці працуюць, таму асноўны клопат на іх саміх. Тым болей, што ў старэйшай дачкі ўласная дача на суседняй вуліцы. Цяпер у гаспадарцы, акрамя курэй, кролікаў, ёсць і конь, немалы агарод.

— Зямлі тут навалам, сей хоць мільён сотак, — паводзіць рукой наўкол сябе Ніла Леонцьеўна. — Але тут няма нікога ўжо. Во суседка Мікалаеўна была — ужо год, як памерла. Яшчэ адна суседка паралізаваная ляжыць. Там, аж да ву-у-унь той хаты, няма нікога. Па гэты бок усе дачы, і там далей дачы, дачы, дачы… Летам весялей, люду болей, перамовіцца ёсць з кім. А цяпер снег пачысціць — ды да тэлевізару…

Дастаўкай прадуктаў Ніла Леонцьеўна, як і папярэдняя субяседніца, таксама задаволена. “Аўталаўкі чатыры разы на тыдзень бываюць. А хочаш — садзіся на цягнік, і ў горадзе купіш усё, што хочаш. Асабліва ў пятніцу. А палове на дзясятую сеў, а палове на 12-ю з горада ідзе. Што нада — у “Марцін” на вакзале зайшоў, купіў ды назад. І ларкі там розныя ёсць. Жыць можна, толькі жыць няма каму. Моладзь у сяло добра каб прыйшла, дык дзе ім работаць? З нашай дзярэўні адзін у калгасе работае, дык яму нада ісці ў Кавалі тры кіламетры ды назад”.

Галіна Яўгенаўна Мартынчык

Галіна Мартынчык — адна з наймаладзейшых жыхарак Мікулічаў, не лічачы дзяцей, якіх у вёсцы зарэгістравана чацвёра. Родам нявестка Валянціны Мікалаеўны не адсюль, у Мікулічы (сёлета 15 год) прыйшла замуж. У сям’і трое дзяцей. Старэйшая дачка ўжо працуе ў горадзе, малодшыя вучацца ў Туркоўскай школе, куды іх падвозяць на школьным аўтобусе. Муж Галіны працуе на чыгунцы, сама яна на працу ездзіць у суседнія Кавалі.

“Я вырасла ў вёсцы, уклад жыцця гэты мне заўжды падабаўся. Як і падабаецца займацца хатняй гаспадаркай — трымаем і курачак, і свіней, і коней, і каровак”, — не без жарту кажа жанчына. На запытанне, ці ёсць магчымасць рэалізаваць лішкі прадукцыі — пры такой гаспадарцы яны напэўна ж ёсць — субяседніца адказвае станоўча. І малако, і яйкі, па яе словах, запатрабаваныя і ў мясцовых жыхароў, і ў дачнікаў. Гаспадарка вялікая, але і работнікаў трэба, таму дапамагаюць і дзеці. Ці хацела б Галіна, каб тыя засталіся ў вёсцы, бліжэй да бацькоў, першапачатковаму катэгарычнаму “не” (фізічна цяжка) робіць паслабленне: “Вядома ж, хочацца, каб хто з дзяцей быў побач”.

Насупраць дома, дзе вядзем размову, поле. І калі б там узняліся дамы і стала жыць моладзь, жанчына, як кажа, толькі б парадавалася. А пакуль радуецца таму, што ў вёсцы ў апошнія гады намецілася работа па зносе непрыдатнага жылля — гэта надае вуліцам больш культурны выгляд. А яшчэ набліжэнню вясны. “Гэта цяпер у нас бязлюдна і можа падацца няўтульна, а ўлетку вёска ажывае — людзей становіцца многа, дзеці снуюць туды-сюды, у палісадніках кветкі, прыгажосць, спакой і раздолле”.

Знакамітыя землякі

Жыхары Мікулічаў, як і ўсе беларусы, ушаноўваюць памяць людзей, якія цаной свайго жыцця пазбавілі краіну ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. На мясцовых могілках ёсць брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1972 годзе на ёй устаноўлены помнік-абяліск з мемарыяльным надпісам. Да таго ж, Мікулічы — радзіма Героя Савецкага Саюза Міхаіла Капусціна. Гэта прозвішча тут даволі распаўсюджанае.

Між тым, Міхаіл Дзянісавіч Капусцін, гвардыі малодшы лейтэнант, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, парторг батальёна 137-га гвардзейскага стралковага палка 47-й гвардзейскай стралковай дывізіі, 8-й гвардзейскай арміі, 3-га Украінскага фронту — нарадзіўся ў Мікулічах у 1907 годзе. У 1926-м сям’я пераехала ў Сібір, Іркуцкую вобласць. У Чырвонай Арміі Капусцін быў з 1942 года, удзельнічаў у баях на Сандамірскім плац­дарме, вызваляў Варшаву, штурмаваў Берлін. Пасля вайны працаваў дырэктарам леспрамгасаў Іркуцкай вобласці. Памёр у 1968 годзе. У 2015 годзе яго імя прысвоена школе с. Дапы.


…Пакідаем Мікулічы пры поўнай адсутнасці люду, пад “звон” цішыні і рэдкі сняжок. Нялёгка даецца ўяўленне таго, што ўсяго стагоддзе таму па гэтых вуліцах хадзіла больш за сямсот чалавек. Радуе, што на лета мікуліцкія падворкі шчодра напаўняюцца галасамі і людскім цяплом — малая радзіма не адпускае.

Алена КАРПЕНКА. Фота Генадзя БАГДОНАСА.

Последние новости

Актуально

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

24 апреля 2024
Актуально

Лукашенко избран председателем Всебелорусского народного собрания

24 апреля 2024
Актуально

Лукашенко проголосовал на выборах руководства ВНС

24 апреля 2024
Актуально

Делегаты от нашего района приняли участие в выборах руководящих органов ВНС

24 апреля 2024
Актуально

В Бобруйском лесхозе внимательно следят за ходом работы исторического ВНС

24 апреля 2024
Актуально

Лукашенко выдвинут кандидатом на пост председателя ВНС

24 апреля 2024
Актуально

Лукашенко о достижениях суверенной Беларуси: мы никогда еще так хорошо не жили, как сейчас

24 апреля 2024
Актуально

Лукашенко заявил о падении авторитета Вашингтона и Лондона на международной арене

24 апреля 2024
Актуально

Трудовые коллективы Бобруйского района смотрят трансляцию работы ВНС

24 апреля 2024
Актуально

“Это эволюционное развитие”. Лукашенко на ВНС о новом этапе в политической жизни страны

24 апреля 2024

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем

Происшествия и безопасность

Итоги проведения в Бобруйском районе специального комплексного мероприятия «Нелегал»

12 апреля 2024
Актуально

В Бобруйском районе прошел республиканский субботник (наш фоторепортаж)

20 апреля 2024
Актуально

В благодарность за добросовестную работу

22 апреля 2024
80-летие освобождения Беларуси

Танки грязи не боятся. В Бобруйском районе прошло открытое первенство по джип-спринту «Дороги Победы»

20 апреля 2024
Актуально

Наводим чистоту: Бобруйщина вышла на районный субботник

13 апреля 2024
Актуально

У паліклініцы №2 новы галоўны ўрач

12 апреля 2024
Актуально

Дэпутаты падвялі вынікі работы Маладзёжнага парламента

19 апреля 2024
Общество

На Бобруйщине прошел единый день информирования. Ключевая тема — предстоящее ВНС

18 апреля 2024