Малочная вытворчасць ААТ «Саўгас Кісялевічы»: праблемы і шляхі іх вырашэння
Страціць дасягнутае лёгка, дасягнуць страчанага — не, асабліва, калі гэта датычыцца малочнай жывёлагадоўлі. На маёй памяці той час, калі “Саўгас Кісялевічы” славіўся найвышэйшымі ў раёне надоямі малака на карову, бездакорнай якасцю рэалізуемай прадукцыі. Пасля не адзін і нават не пяць год (за гэтую пару змянілася некалькі кіраўнікоў) ААТ “Саўгас Кісялевічы” было ў ліку гаспадарак-аўтсайдараў па вытворчасці малака. Было. Бо на працягу апошняга году сітуацыя стала мяняцца. І хоць надоі тут, як адзначаюць у райсельгасхарчы, пакуль далёкія ад патэнцыйна магчымых, — рост дастаткова прыкметны. На той жа МТФ пас. Юбілейны (адзін з двух малочна-таварных аб’ектаў ААТ) сярэдні ўдой малака на карову (дадзеныя па стане на 4 студзеня) складае 10,2 кг, што на 3,7 кг болей за папярэдні год.
Сам жа Валерый Сяргейчык, дырэктар сельгаспрадпрыемства, на запытанне, як абстаяць малочныя справы, адказвае: “кепска”. Тлумачыць гэта тым, што гаспадарцы, каб дасягнуць самадастатковасці, варта даіць як мінімум удвая болей.
— У дзень сёння прадаем 4 тоны з гакам малака, а трэба б 8-9 тон, — кажа Валерый Аляксандравіч. — Шлях да нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці бачны. Але гэта, як параўнаць з тунэлем — святло ў канцы ёсць, ды дайсці дарога няблізкая. Сёння нам, каб “ірвануць” па малаку, не хапае нецеляў, цялушак. Матачнае пагалоўе як бы і ёсць, але патрабуецца яго абнаўленне — павелічэнне прадукцыйнасці статку. Таму стаўку зрабілі на вырошчванне маладняку — выгадаваць за 16-18 месяцаў цялушку, асемяніць, атрымаць ад яе цяляці і затым малако. Даручылі гэта найбольш добрасумленным працаўнікам — вынікі і ва ўзроставай групе 0-3 месяцы, і групе 3-6 месяцаў маем хоць не выбітныя, але нядрэнныя. Групу маладняку 6-12 месяцаў з-за адсутнасці даглядчыка паставілі ў прасторны кароўнік з механізаванай раздачай корму — цяляты выйгралі ад гэтага. Мы добра ўсведамляем, што калі цяпер з задачай па аднаўленні статку не справімся — працягласць тунэлю яшчэ павялічыцца, чаканая перспектыва аддаліцца, таму трэба вельмі старацца. Між тым адзначу, што на працягу паўтара года гаспадарка ні аднаго дня па малаку не “змінусавала” ў параўнанні да папярэдняга. Па выніках 2020 года прыкладна на 36% надаілі болей, чым у 2019-м. Але ж пры гэтым разумеем, што высокі працэнт росту не значыць высокія надоі. Яны нізкія. Нам абавязкова трэба павялічыць прадукцыйнасць дойнага статку і выйсці на 5 тысяч кг на карову па годзе. Задача ж на бліжэйшы час — дасягнуць дзённай рэалізацыі малака ў пяць тон. Разлічваем, што да канца студзеня ажыццявіць яе атрымаецца, рэзервы ёсць.
Дарэчы, з нядаўняга часу ў ААТ “Саўгас Кісялевічы” — адзінай у раёне гаспадарцы, сталі разводзіць сіментальскую пароду буйной рагатай жывёлы, якую вызначае аптымальнае спалучэнне малочнай і мясной вытворчасці. З высокай прадуктыўнасцю рагуль гэтай пароды ў гаспадарцы таксама звязваюць нарошчванне аб’ёмаў малака.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.