Альтэрнатыўную вытворчасць аднаўляюць у “Саўгасе Кісялевічы”
Узмоцнена працуючы над вытворчасцю малака і мяса, у гаспадарцы шукаюць і іншыя шляхі для паляпшэння фінансавага стану.
— Прадпрыемства добра каб было шматпрофільным, — кажа дырэктар ААТ “Саўгас Кісялевічы” Валерый Сяргейчык. — У гэтым накірунку рухаемся. У мінулым годзе пачалі ізноўку займацца цяпліцамі — вырошчвалі расаду, гародніну і мелі хоць якую грашовую падтрымку. Дзве тысячы рублёў, якія атрымалі ўвесну ад продажу расады таматаў і салодкага перцу — лічба, зразумела, невялікая, але ўсё ж падтрымка гаспадарцы. Прынясла выручку і рэалізацыя непасрэдна гародніны — гуркоў, памідораў, перцу. Прадавалі і сваім працаўнікам, і на рынку, попыт і на расаду, і на гародніну быў высокім. Некаторыя пакупнікі ехалі наўпрост у гаспадарку, каб набыць прадукцыю. Зарабілі і на продажы маладой бульбы, якую таксама вырошчвалі ў цяпліцы. Словам, грашовы падспорак у сезон атрымаўся нядрэнны.
Сёлета, па словах Валерыя Сяргейчыка, у гаспадарцы плануюць вырошчваць гародніну не толькі ў цяпліцы, але і ў адкрытым грунце — клімат дазваляе. Плюс да гэтага збіраюцца развіваць раслінаводства. У гэтым накірунку нядрэнна папрацавалі ў 2020 годзе. Да прыкладу, за рэдзьку маслянічную, ураджай якой парадаваў, выручылі 35 тысяч рублёў. Добрыя вынікі далі таксама канюшына, цімафееўка, ежа.
— Зразумела, што гэтыя накірункі, вырошчванне той жа расады, ацэньваем як дадатак да малочнай вытворчасці, — заўважае кіраўнік. — Жывёлагадоўля — асноўнае, на што робіць стаўку гаспадарка і ад чаго, я ўпэўнены, будзем мець з часам добрыя вынікі.
Алена КАРПЕНКА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.