Темы

Адна мара на ўсіх — жыць у міры і згодзе

Адна мара на ўсіх — жыць у міры і згодзе

2-3 сакавіка 2006 года ў сталіцы нашай краіны адбыўся III Усебеларускі народны сход. У форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сацыяльнай і культурнай сфер, прадпрымальнікі, моладзь. У ліку ўдзельнікаў сходу была настаўніца беларускай мовы і літаратуры Брожскай школы Н.У. Вярбіцкая. У гутарцы з журналіс­там райгазеты Наталля Уладзіміраўна па­­дзялілася ўспамінамі аб знамянальнай палітычнай падзеі ў жыцці беларус­кага народа.

Услед за марай свайго дзяцінства

Родам Наталля Уладзіміраўна з Барысаўскага раёна. Мара стаць настаўніцай з’явілася ў яе ў раннім дзяцінстве. Маці дзяўчынкі, якая працавала медыкам, жадала, каб дачка пайшла па яе шляху. Аднак Наталля не здрадзіла мары свайго дзяцінства. Лёс накіраваў яе ў БДУ на філалагічны факультэт. Так дзіцячая мара ператварылася ў любімую прафесію. Маладзенькай дзяўчынай яна прыехала ў вёску Вішнёўка Бабруйскага раёна і вось ужо больш за 40 год працуе тут настаўніцай. Наталля Уладзіміраўна выкладае вучням родную мову, прыгожую, напеўную і непаўторную, прывівае ім любоў да яе, на кожным занятку адкрываючы чароўнае гучанне беларус­кага слова. Доўгі час яна працавала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вішнёўскай школы, але з 2005 года пасля яе рэарганізацыі Наталля Уладзіміраўна настаўнічае ў Брожскай сярэдняй школе.

“Мне пашчасціла быць у ліку дэлегатаў”

Адна з яскравых старонак біяграфіі Наталлі Уладзіміраўны — удзел у III Усебеларускім народным сходзе.

“Чаму мне пашчасціла быць у ліку дэлегатаў ад нашага раёна?” — задаецца пытаннем настаўніца. Яна задуменна разглядае значкі і пасведчанне дэлегата, якія ляжаць перад ёй на стале, і працягвае свой расказ:

— Мабыць, гэта была ўзнагарода за маю працу. Сапраўды, вынікі ў нашай школе па беларускай мове былі заўсёды добрыя. На ўроках я стараюся даваць грунтоўныя веды, далучыць школьнікаў да духоўных каштоўнасцей беларускага народа, абудзіць жаданне шанаваць культуру роднага краю. Гэта вялікае шчасце — бачыць дапытлівыя вочы разумных і здольных дзетак. Усё гэта дае вялікую асалоду і натхняе на плённую, адказную працу.

Адчуваўся гонар за краіну

Сакавік 2006-га. Што засталося ў памяці з часу той значнай палітычнай падзеі? Перш за ўсё, як успамінае Наталля Уладзіміраўна, — добразычлівыя адносіны.

— Памятаю ўсю нашу дэлегацыю. Да сённяшняга часу ў мяне захоўваецца каляровы фотаздымак дэлегатаў Магілёўскай вобласці і Бабруйскага раёна. Сярод іншых — былы старшыня Бабруйскага райвыканкама Міхаіл Шалкоўскі. Добра памятаю Аляксандра Атрохава. Ён працуе да гэтага часу, і я часта бачу яго прозвішча на старонках нашай райгазеты. Быў сярод дэлегатаў раёна і камбайнер СВК “Гігант” Генадзь Хурсан, які ўжо, на жаль, пайшоў з жыцця, і іншыя. Перад паездкай у сталіцу дэлегаты Прыдняпроўскага краю былі спачатку запрошаны ў абласны цэнтр. У той час у Магілёве ўжо пабудавалі Лядовы Палац, дзе і адбылася сустрэча. Для дэлегатаў быў наладжаны цёплы прыём, арганізаваны канцэрт з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады. У ходзе сустрэчы мы адчувалі асаблівую ўрачыс­тасць гэтага мерапрыемства.

Адчуваўся гонар за нашу краіну, за тое, што мы ўпэўнена крочым па шляху развіцця. Там перад намі выступала кіраўніцтва вобласці, давала пэўныя наказы. Яшчэ магчыма, што ў ходзе сустрэчы ў Магілёве была мэта нас пазнаёміць, зблізіць. Як бы там ні было, я памятаю, што ў Мінск мы ўжо ехалі добрымі сябрамі і таму адчувалі сябе выдатна і камфортна, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна.

Упэўненасць, адказнасць і мудрасць

Дэлегатаў рассялілі па 2 чалавекі ў пакоях. На працягу двух дзён, пакуль ішоў усенародны сход, яны жылі і адпачывалі пасля плённай працы ў добрых умовах, утульна і камфортна. Форум адбываўся ў Палацы Рэспублікі. Перад дэлегатамі выступіў Прэзідэнт А. Лукашэнка з дакладам “Дзяржава для народа”. Падчас форуму падымаліся самыя розныя пытанні. Размова ішла аб выніках і далейшых перспектывах, арыенцірах на чарговую пяцігодку, інавацыях, духоўным і культурным развіцці краіны і г. д. Разам з іншымі дэлегатамі Наталля Уладзіміраўна прыняла ўдзел у абмеркаванні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006-2010 гады. З цеплынёй у голасе яна згадвае мінулую падзею:

— Да гэтага часу я захоўваю нумар газеты “СБ. Беларусь сегодня”. У ім поўнасцю надрукаваны даклад Прэзідэнта. Вельмі прыемна, што ў гэтым нумары на адной са старонак размешчаны фота­здымак, дзе дэлегацыя нашага раёна ў поўным складзе. Памятаю, што мы ся­­дзелі ў 8 радзе, вельмі блізка да сцэны. Я добра бачыла ўсіх дакладчыкаў і кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнка. Ён тады быў значна маладзейшы, але і ў тыя гады, як і сёння, у ім добра адчуваліся ўпэўне­насць, мудрасць і адказнасць за лёс народа і дзяржавы.

Падарункі на ўсё жыццё

Ад моманту правядзення III Усе­беларускага народнага сходу ў сямейным архіве Вярбіцкіх захаваліся дакументы дэлегата. Сярод іх — пасведчанне ўдзельніка народнага форуму, значкі. Ёсць таксама і падарункі. У Магілёве дэлегатам на памяць аб значнай палітычнай падзеі ў жыцці беларускага народа былі ўручаны камплекты фіранак на вокны ад магілёўскай фабрыкі “Лента”, а ў Мінску — скураныя партфелі і кнігі. Наталля Уладзіміраўна з задавальненнем дэманструе фота, кнігі і іншыя рэліквіі са свайго сямейнага архіву.

— Для мяне, як для настаўніцы, каштоўным падарункам былі кнігі. Частку з іх я адразу перадала школе, каб карысталіся дзеці. Сярод іх была кніга, прысвечаная Магілёўскай вобласці, і яшчэ адна — цалкам аб нашай краіне. А для сябе я пакінула кнігу “Спадчына Беларусі”. Дарэчы, гэта выданне вельмі любіць мой унук. Ён займаецца ў беларускамоўнай гімназіі. Кожны раз, калі прыязджае да мяне з Мінска, часамі з захапленнем разглядае яе і такім чынам знаёміцца са спадчынай роднай зямлі.

Жыць у згодзе

На жаль, у захапляльным аповедзе Наталлі Уладзіміраўны часам гучаць і ноткі горычы. Як настаўніка яе вельмі хвалюе сучаснае становішча педагога. Яна ўспамінае, ужо і на тым сходзе ішла размова, як вярнуць прэстыж прафесіі, прымусіць надаваць пытанням выхавання больш увагі не толькі ў школе, але і ў сям’і.

Сама Наталля Уладзіміраўна стараецца рабіць сваю працу сумленна. Ніколі не шукала і не шукае лёгкіх шляхоў, і па сённяшні дзень сее разумнае, добрае, вечнае. Трэба сказаць, у яе гэта добра атрымліваецца. Таленавітая настаўніца выхавала шмат пераможцаў рэспубліканскіх, абласных і раённых алімпіяд, мае мноства грамат, падзяк, іншых узнагарод. Сведчаннем таго, што яна добра выконвала наказы III сходу, з’яўляецца ўзнагарода ад кіраўніка дзяржавы. Настаўніца па выніках 2009/2010 навучальнага года за асабісты ўклад у развіццё здольнасцей вучняў атрымала прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Як і 40 гадоў назад, у гэтыя няпрос­тыя для ўсіх беларусаў дні Наталля Уладзіміраўна працягвае вучыць дзяцей любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа, быць сапраўднымі патрыётамі Радзімы.

Пранікнёна Наталля Уладзіміраўна дзеліцца сваімі думкамі:

— Калі прыехала з форуму, то ведала адно — трэба працаваць. Працаваць адказна, сумленна. Але ж сёння балюча глядзець на тое, што адбываецца ў нашай краіне. Чаго людзі не падзеляць? Чаго ім не хапае? Чалавек прыйшоў на зямлю, каб сагрэць яе сваім цяплом, сваёй працай. Дык працуйце, рабіце дабро! І ўсё будзе ў нас добра. Вельмі правільна, што наступны год абвешчаны Годам народнага адзінства. Гэта патрэбна і актуальна. Беларусы — мірны народ, яны павінны жыць у згодзе. Я спадзяюся, што гэта адбудзецца.

Валянціна Мілохіна. Фота з архіву.

Последние новости

В будущее вместе с нами

Диалог на полях Марафона молодежи: Михаил Крицкий встретился с молодыми специалистами Бобруйского района

22 июня 2026
Читать новость
Общество

Участники «Поезда Памяти» смогут познакомиться с неискаженной, настоящей историей — Кочанова 

22 июня 2026
Читать новость
Актуально

Завершается подписка на «Трыбуну працы» на 2-е полугодие 2026 года. Не забудьте подписаться на районку!

22 июня 2026
Читать новость
Общество

Нить между поколениями

22 июня 2026
Читать новость
Сельское хозяйство

У нарыхтоўцы сенажу Бабруйшчына наблізілася да сярэдзіны

22 июня 2026
Читать новость
Культура

Отчетный концерт народного ансамбля танца «Беларусь» сдан на отлично

22 июня 2026
Читать новость

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем