Інтэрв’ю з Сяргеем Казябай, начальнікам Бабруйскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенневодстве, каранціне і ахове раслін

У раёне вось ужо другі месяц займаюцца ачысткай пасяўнога матэрыялу збожжавых і зернебабовых культур. Як арганізавана гэтая работа ў сельгас­арганізацыях, наколькі яна аб’ёмная і што сабой уяўляе — з гэтымі і іншымі датычнымі тэмы пытаннямі мы звярнуліся да начальніка Бабруйскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенневодстве, каранціне і ахове раслін Сяргея Казябы.

— Сяргей Анатольевіч, якія аб’ёмы неабходна ачысціць сёлета?

— У цэлым па раёне — 4100 тон, з якіх плануецца атрымаць крыху болей за тры тысячы, а дакладней — 3010 тон чыстага насення. У тым ліку 1649 тон — на патрэбы веснавой сяўбы на зерне, 759 тон — для сяўбы на кармавыя мэты і 20 працэнтаў ад атрыманага насення, ці 602 тоны, — страхавы фонд на выпадак гібелі раслін падчас зімы і перасейвання азімых. Зрэшты, страхавы фонд выкарыстоўваецца па прызначэнні не заўжды. У мінулым годзе, да прыкладу, пасевы добра перазімавалі, таму патрэбы ў дадатковым насенні не было.

— Ад агульнага аб’ёму насеннай масы колькі ўжо ачышчана?

— Ачышчана 2700 тон, з якіх атрымана 1500 тон чыстага насення — гэта значыць, прыкладна палова ад патрэбы.

— У залежнасці ад аб’ёмаў і інтэнсіўнасці работы, як сёння выглядаюць гаспадаркі — маю на ўвазе працэнт ачышчанага ў кожнай?

— Па-рознаму. У радзе гаспадарак, такіх як філіял “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік АграСэрвіс”, ЗАТ “Птушкафабрыка “Вішнёўка”, ААТ “Стасеўка” і ААТ “Саўгас Кісялевічы”, дадзены від работ цалкам завершаны. Набліжаюцца да завяршэння (95%) у ААТ “Агракамбінат Бабруйскі”, філіяле “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”. Болей за палову насення ачышчана ў СВК “Гігант” і ААТ “Міхалёўская Ніва”, 39% — у ААТ “Неўскі-Агра”. Найбольш марудныя тэмпы ў ААТ “Аграмашсэрвіс”, дзе на сёння ачышчана пакуль толькі 28% ад неабходнага.

— Як вядзецца ачыстка, якія да яе патрабаванні?

— Ачыстка вядзецца механічным спосабам на спецыяльнай ачышчальнай тэхніцы (машынах), дзе насенне праходзіць праз набор рэшатаў пры адначасовай сепарацыі паветрам. Ад вораху пры гэтым аддзяляецца прымесь (насенне іншых раслін), мякіна, салома, асцюкі. Насенне лічыцца чыстым — патрабаванні Міністэрства сельскай гаспадаркі — калі ў яго скла­дзе 98% асноўнай культуры.

— Машыны для ачысткі ёсць у кожнай гаспадаркі ці пазычаюць, іншым спосабам вырашаюць пытанне?

— Машыны, хоць і старыя (у асноўным нямецкай фірмы “Петкус”), у гаспадарках ёсць. У СВК “Гігант” — два сучасных заводы па вытворчасці насення. Так што магчымасці маюцца.

— Якая роля вашай інспекцыі ў гэтым працэсе?

— Самая непасрэдная. Пасля ачысткі насення ад кожнай яго партыі адбіраюцца пробы і дастаўляюцца гаспадаркамі ў інспекцыю для праверкі на пасяўныя якасці: чысціню, усхо­джасць (на апошняе патрабуецца 7-10 дзён), вільготнасць. Таксама маніторым на засяленне насеннага матэрыялу шкоднікамі. Калі выяўляем, то выдаем гаспадарцы прадпісанне на іх знішчэнне хімспосабам і паўторную праверку партыі. Пасля ўсіх выпрабаванняў проб у выпадку, калі пасяўныя якасці адпавядаюць патрабаванням, выдаем гаспадарцы пасведчанне, на падставе якога (і толькі) сельгасарганізацыя можа выкарыстоўваць насенне: высейваць, прадаваць. Калі па якім-небудзь крытэрыі насенне не адпавядае — прадастаўляем адмову ў выдачы пасведчання. Выдача пасведчання ці адмова ў выдачы — адміністрацыйныя працэдуры, за якія гаспадарка ўносіць плату ў бюджэт. Платнай з’яўляецца і ўся працэдура праверкі насення. Ажыццяўляецца яна па заяве сельгасарганізацыі па перадаплаце.

— Ці частыя адмовы ў выдачы пасведчання?

— На гэта заўважу, што з паступіўшых на праверку ў інспекцыю 1020 тон насення (адабрана і аплачана) праверана 481 тона, і ўвесь пасяўны матэрыял адпавядае патрабаванням.

— У якія тэрміновыя рамкі неабходна ўлажыцца гаспадаркам з ачысткай, а вам — з праверкай насення?

— Ачысціць і праверыць насенне збажыны неабходна да 1 студзеня. З пастаўленай задачай, упэўнены, справімся — веснавую пасяўную сустрэнем з якасным насеннем.

— Дзякуй за размову.

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.
Фота да матэрыялу носіць ілюстрацыйны характар.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.