У «Неўскім-Агра» ўбіраюць кукурузу на зерне

Да ліку гаспадарак, дзе кукурузная ніва сёлета парадавала ўраджайнасцю зерня (у межах 100 ц/га), — і ААТ «Неўскі-Агра».

Пабываўшы на палях гаспадаркі ў сераду, з захапленнем паназіралі за працай экіпажаў (уборка вядзецца двумя айчыннымі камбайнамі, у сярэднім па 130-170 тон зерня за дзень) у складзе камбайнера Рамана Уладзіміравіча Радзіонава і памочніка камбайнера Алега Аляксандравіча Паслядовіча, а таксама Віктара Міхайлавіча Шпака і Анатоля Уладзіміравіча Шынкара.

Раман Радзіонаў (зверху) і Алег Паслядовіч

Работы чацвёрты дзень вяліся ва ўрочышчы Туркоўская Слабада, і гэта было не першае ад пачатку кампаніі месца дыслакацыі людзей і тэхнікі — з перапынкамі на дажджлівае надвор’е ішоў другі тыдзень уборачных работ. Перавозку зерня на МАЗах папераменна ажыццяўляюць Мікалай Усеваладавіч Крусір, Уладзімір Міхайлавіч Міхайлоўскі, Сяргей Аляксандравіч Казусёнак.

Віктар Шпак (злева) і Анатоль Шынкар

— На тое, каб ураджаю можна было парадавацца, у гаспадарцы прыклалі шмат намаганняў, — дзеліцца галоўны аграном «Неўскага-Агра» Аляксандр Іванавіч Мельнік. — Набылі якасныя, раннеспелых гатункаў, замежнай селекцыі гібрыды, у чым пасадзейнічалі і Бабруйскі мясакамбінат, і абласны камітэт. — Палі падрыхтавалі яшчэ з восені, уздобілі глебу мінеральнымі ўгнаеннямі. Рана, да 2-3 мая, пасеялі. Затым, як і патрабуецца, рабілі падкормкі раслін.

Сёлетні кукурузны клін у гаспадарцы на ўзроўні мінулага года — 1150 гектараў. З іх пераважную частку першапачаткова планавалі ўбраць на зерне. Але ж планы, па словах галоўнага агранома, давялося падкарэкціраваць. У выніку на зерневыя мэты пакінулі ў межах 500 га, астатняе — каб мець упэўненасць у трываласці кармавой базы і разлічваць на павелічэнне надояў — убралі сіласам. 

Васіль Ткачоў дэманструе вынікі сваёй работы — плюшчанае кукурузнае зерне

Сабраны ўраджай у гаспадарцы сушаць (працуе дзве сушылкі), каб прадаць, набыўшы ўзамен камбікорм, паліва ды іншае неабходнае. Паралельна з гэтым папярэдне здробненае і сплюшчанае зерне, дадаўшы кансерванты, закладваюць у траншэю на тэрыторыі комплекса па вырошчванні буйной рагатай жывёлы в. Туркі — для мэт жывёлагадоўлі.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.