Темы

Тажылавічы і яе жыхары

Тажылавічы і яе жыхары

З гісторыі

Назва вёскі паходзіць, як мяркуецца, ад асновы слова “тажы” — заліўныя лугі, сырыя пожаці, пакосы. Паводле пісьмовых крыніц, населены пункт — адзін з найстарэйшых у раёне, згадваецца яшчэ ў 1560 годзе як сяло Бабруйскага староства Рэчыцкага павета Вялікага княства Літоўскага. На 1639 год тут налічвалася 15 двароў, 47 жыхароў мужчынскага полу. З 1793 года сяло ў складзе Расіі, з 1795 — у Бабруйскім павеце Мінскай губерні. На 1838 год — уласнасць памешчыкаў Кабыліных. На пачатку 20-га стагоддзя гэта вёска Туркоўскай воласці Бабруйскага павета з 62 дварамі і паўтысячай жыхароў, працаваў млын, дзейнічала земскае вучылішча. Паводле перапісу 1926 года тут было 109 двароў, 569 жыхароў. На базе земскага вучылішча пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі створана працоўная школа 1-й ступені, дзе ў 1925 годзе навучаўся 91 чалавек. У 1930 годзе арганізаваны калгас. На пачатку 1997 года ў вёсцы налічвалася 82 двары, 180 жыхароў, дзейнічалі ферма буйной рагатай жывёлы, васьмігадовая школа, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Сучаснасць

Сёння ў Тажылавічах, па звестках Кавалёўскага сельсавета, 39 двароў, 83 жыхары, з якіх 34 пенсіянеры. Сярод насельнікаў 27 мужчын працаздольнага ўзросту, чацвёра дзяцей. Дзеючых аб’ектаў сацыяльнай і вытворчай сфер у вёсцы не захавалася. Засталася будыніна колішняй базавай школы, чые дзверы зачыніліся для вучняў у апошні год мінулага тысячагоддзя. Пазней там месціўся клуб, але і да яго дарога даўно зарасла.

Вуліцы ў Тажылавічах заасфальтаваныя (заслуга колішняга старшыні калгаса “Сцяг камуны” Марыі Усцінаўны Каранкевіч), нямала дамоў, дзе адчуваецца гаспадарская рука — пафарбаваныя, з сучаснымі вокнамі і агароджай, абкошанай калядваровай тэрыторыяй, разбітымі ў дварах і на вуліцы кветнікамі. Адзін з іх — Васіля і Галіны Мельнічонкаў па завулку Школьнаму.

Васіль Савельевіч Мельнічонак

— Хату, як пажаніліся, з наўя збудавалі, — дзеліцца Васіль Савельевіч, які ніколькі не выглядае на свае 80 з гакам. — Блізкіх родзічаў, каб дапамагчы, асабліва не было, але ж самі стараліся. Ды і жаданне да ўсяго было вялікае — будавацца, дзяцей падымаць, вучыць… Дзеля гэтага, апроч механізатарскай работы ў калгасе, гаспадарку трымалі вялікую — кароў не па адной, свіней 6-7, птушку розную. Зямлі шмат апрацоўвалі, для чаго пазней і трактар набылі. Зямля тая і цяпер ёсць — бяры, колькі хочаш, дык здароўя няма. Восем бароздак бульбы, што дзеці пасадзілі (яны ж дапа­маглі выкапаць), нам дастаткова…

Прычыну таго, чаму з некалі трывалай вёскі Тажылавічы сталі ад`язджаць людзі, колішні механізатар бачыць у тым ліку ў скасаванні калгаснай вытворчасці на тэрыторыі населенага пункта.

— Раней жа ў нас паўнавартасны калгас быў, шмат сельгастэхнікі, ферма — а гэта ўсё работа для людзей. З часам гаспадарку далучылі да калгаса імя А. Неўскага, тэхніку — туды ж, ферму закрылі, а на мехдвор Кавалёў тутэйшаму механізатару не наездзішся… — разважае мой субяседнік.

Хоць адток люду, па словах Васіля Мельнічонка, пачаўся яшчэ раней, у 70-я, калі моладзь стала масава ехаць у горад вучыцца і ў вёску не вярталася.

На двары і вакол домаўладання Мельнічонкаў выключны парадак, а зараснік праз дарогу, што закрыў далягляд, Васіля Савельевіча засмучае. Прырода такой сітуацыі, па яго словах, вядомая — на ўсе Тажылавічы цяпер усяго дзве каровы, і тыя ў аднаго гаспадара. Раней жа налічвалася па 60 у кожным з двух статкаў. Трава тады не паспявала адрастаць: альбо паядалася, альбо скошвалі.

Ля акуратнай невялічкай хаты па вуліцы Піянерскай сустрэлі Тамару Васільеўну Песню. Разгаварыліся.

Тамара Васільеўна Песня

— У Тажылавічы з Бабруйску пераехала дзесяць год таму, а, здаецца, пражыла ўсё жыццё, — з ахвотай дзеліцца бойкая на выгляд пенсіянерка. — З людзьмі адразу сышлася, месца, сельскі лад прыйшліся па душы, бо сама вясковая, з бліжняй Расіі. Сумна толькі, што людзей стала мала, суседзяў няма, каб словам перамовіцца…

А вось паслугамі гандлю, нягледзячы на адсутнасць стацыянарнай кропкі, жыхары Тажылавічаў задаволены. Апошняе засведчылі і былая настаўніца мясцовай школы, а цяпер пенсіянерка Валянціна Пятроўна Семчанка (Мацвеенка), і Раіса Ула­дзіміраўна Мельнічонак (прозвішча ў вёсцы распаўсюджанае). Спыніцца ля чыйго падворка “прымусілі” ну ўжо надта сімпатычныя нясушкі.

Раіса Уладзіміраўна Мельнічонак

— Толькі грошы давай, — смяецца Раіса Уладзіміраўна. Яе дагледжаны дом (у свой час вылучаны калгасам мужу-працаўніку) месціцца якраз насупраць схаванай за расліннасцю школьнай будыніны, якая пазней выкарыстоўвалася і пад клуб.

— Аўталаўкі бываюць амаль штодзень, — кажа субяседніца, — і райпоўская, і прыватныя, пяць ці шэсць ездзіць. Тавар прывозяць на любы густ. Пачуем сігнал — калі што трэба, выходзім. Так што пенсію дастаўляюць, прадукты — дастаўляюць, тэлевізар, інтэрнэт, тэлефоны і такі, і такі (хатні і мабільны) маем — што яшчэ пенсіянерам трэба?!

Усе чацвёра дзяцей жанчыны жывуць у горадзе, у вёску наведваюцца амаль штовыхадныя, прывозяць унукаў, дапамагаюць па гаспадарцы, адзін з сыноў набыў тут дачу.

Валянціна Пятроўна, чыя хата непадалёк, таксама пагаджаецца, што пенсіянерам жыць у Тажылавічах нядрэнна: і прадукты, і пенсія дастаўляюцца рэгулярна і своечасова. Разважаючы пра вёску маладосці, былая настаўніца кажа, што “жылі мы тут і ні ў чым не мелі патрэбы”: быў калгас, дзейнічалі школа, магазін, камбінат бытпаслуг, побач у Ламбаўскім ФАПе (установа дзейнічае і цяпер) — нават кабінет зубнога ўрача.

Засталі ў Тажылавічах і звыклую для беларускай вёскі карціну — бабулек на лаўцы. Праўда, суседкі Вера Мікалаеўна Аўрамчык і Ніна Іванаўна Пазняк адпачываюць кожная ля сваёй хаты. На адну лаўку, каб было весялей, не сыходзяцца — гады і здароўе прымушаюць эканоміць крокі. У размову жанчыны ўступаюць з характэрнай для сяльчан лёгкасцю і шчырасцю.

— Сумна адной ў хаце, ніхто дзверы не адчыніць, — павольна, расцягваючы кожнае слова, кажа Вера Мікалаеўна, чый узрост “восемдзясят пяць ці то восемдзясят сем ужо”. — У выхадныя дык сын прыязджае з горада, і булак, і хлеба, усяго напрывозіць. Пенсія ў мяне неблагая — “чатыры (чатырыста) з хвастом”, зарабіла, працуючы і ў калгасе, і на торфавытворчасці.

Вера Мікалаеўна Аўрамчык

“І ногі, і ўсё ўжо, мамачка, баліць,” — адказвае Ніна Іванаўна Пазняк на запытанне, як яна сябе пачувае. Родам жанчына з Плёсаў, у Тажылавічах, як з усмешкай заўважае, “зрабіла перасадку” — замуж выйшла.

— Працавала ў свой час і на ферме, і ў брыгадзе… 20 год было — і чаго ты пайшла на тую ферму? — эмацыйна задаецца пытаннем субяседніца. І тут жа адказвае, што трэба ж было недзе працаваць, бо бацькі ў сям’і не было, а дзяцей разам з ёю чацвёра. І хоць замуж Ніна Іванаўна выйшла, як кажа, пазнавата — у 30 год (мужа 24 гады як не стала), дзяцей нажыць паспела. Абое яны ў Цялушы, таму часта наведваюцца, дапамагаюць. “Адразу, як пайшла на пенсію, шмат усяго трымала, а цяпер нічога, тры баразны бульбы і тыя стаяць някопаныя. Дзецям сказала — прыбярыце спачатку сваю, а тады ўжо і мне дапаможаце”. Колішнія Тажылавічы, са слоў жанчыны, былі багатыя на людзей — 120 хат было. “І насупраць маёй дзве стаяла, і там, і ў гэтай жылі”, — ківае кійком субяседніца.

Ніна Іванаўна Пазняк

Нямала тажылавіцкіх хат, як паведамілі ў сельсавеце, цяпер выкарыстоўваецца пад летнікі. У асноўным аднаўляюць бацькоўскія дамы гараджане-нашчадкі, некаторыя з разлікам на пастаяннае месца жыхарства. Ад гэтага вёска толькі выйграе: напаўняецца на цёплы перыяд году людам, а панурыя некалі домікі ператвараюцца ў дагледжаныя, “жыццясцвярджальныя астраўкі”.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

(за дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыялу выказваем падзяку К.В. Мельнічонак, бухгалтару па закупках Кавалёўскага сельсавета).

Последние новости

Общество

У прафсаюзнай пярвічцы Каменскага дома-інтэрната падвялі вынікі работы за пяць год

26 апреля 2024
Актуально

У Бабруйскім раёне прайшоў кірмаш прафесій

26 апреля 2024
Происшествия и безопасность

О чем напомнили спасатели жителям Туголицы

26 апреля 2024
Общество

Стали известны размеры “возрастных” доплат к пенсиям с 1 мая

26 апреля 2024
В будущее вместе с нами

К акции «Сад надежды» присоединилась Каменская специальная школа-интернат

26 апреля 2024
Актуально

Миссия – ликвидатор

26 апреля 2024
Экономика

Лукашенко подписал закон по вопросам предпринимательской деятельности

26 апреля 2024
Происшествия и безопасность

Сегодня в Бобруйском районе пройдет Единый день безопасности дорожного движения

26 апреля 2024
Актуально

Обращение руководства Бобруйского района к участникам ликвидации аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Актуально

Наши делегаты делятся своими впечатлениями о масштабном форуме

26 апреля 2024

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем

Актуально

В Бобруйском районе прошел республиканский субботник (наш фоторепортаж)

20 апреля 2024
Актуально

В благодарность за добросовестную работу

22 апреля 2024
80-летие освобождения Беларуси

Танки грязи не боятся. В Бобруйском районе прошло открытое первенство по джип-спринту «Дороги Победы»

20 апреля 2024
Актуально

Наводим чистоту: Бобруйщина вышла на районный субботник

13 апреля 2024
Актуально

Дэпутаты падвялі вынікі работы Маладзёжнага парламента

19 апреля 2024
Общество

На Бобруйщине прошел единый день информирования. Ключевая тема — предстоящее ВНС

18 апреля 2024
80-летие освобождения Беларуси

Открытое первенство ДОСААФ по джип-спринту пройдет в Бобруйском районе

17 апреля 2024
Человек и природа

Ограничения на посещение лесов сняты во многих районах Беларуси

16 апреля 2024