Да нарыхтоўкі травянога корму ў раёне гатовы

Пра гэта паведаміў галоўны дзяржінспектар райсельгасхарчу Аляксандр Сапега.

Па яго словах, у корманарыхтоўцы будзе задзейнічана 29 кормаўборачных камбайнаў, у тым ліку 5 высокавытворчых айчынных і столькі ж — замежнай вытворчасці. На сёння амаль усе яны (90%) да работы гатовы. Будзе задзейнічана 38 касілак, з якіх прыкладна трэць шырынёй захопу звыш 8 метраў, 28 грабель (20 валкаўтваральнікаў). Маецца 27 прэс-падборшчыкаў для ўборкі сена і саломы і 4 камбінаваных сучасных прэс-падборшчыкі з заварочваннем корму ў рулоны. Гэтай тэхнікі, як было адзначана, дастаткова, каб правесці кампанію зладжана і ў пару.

Калі аналізаваць у разрэзе гаспадарак, то цалкам завяршылі падрыхтоўку тэхнікі да адказнай кампаніі ў філіяле “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, СВК “Гігант”, у філіяле “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”. Больш таго, “Харчавік-Агра” ў корманарыхтоўку ўжо ўключыўся: тут і ў рулоны сенажу нарыхтавалі, і кладуць у траншэю. З кулісных пасеваў занатавалі сенажу ў ААТ “Саўгас Кісялевічы”, ААТ “Агракамбінат Бабруйскі”.

На сенажацях, як і штогод, будзе працаваць нямала новай тэхнікі. У “Агракамбінаце Бабруйскі”, да прыкладу, па лізінгу набылі касілку і плюшчылку. У БААТ “Аграмашсервіс” працуе новы КВК-800. “Харчавік-Агра” ў разгар мінулага сезону набыў прэс-падборшчык-абмотчык рулонаў. ААТ “Неўскі-Агра” ўключыцца ва ўборку травы з новымі граблямі, касілкай, прычэпамі для транспарціроўкі корму. На сенажацях ААТ “Міхалёўская ніва” 2 новенькія касілкі. СВК “Гігант” набыў у мінулым годзе новыя граблі.

Прадугледжаны і варыянты на выпадак, калі у каго пойдзе што не так — тэхніка мае звычку ламацца.

— Каб не упускаць тэрміны нарыхтоўкі, гаспадаркам за адпаведную плату дапамогу зможа аказаць створаны спецыяльна ў гэтых мэтах механізаваны атрад Бабруйскага мясакамбіната, — адзначыў Аляксандр Сапега. — Пры неабходнасці дапамогуць і гаспадаркі-суседзі, калі будуць мець такую магчымасць. Вядома ж, за адпаведную плату. З апошняга вынікае, наколькі важна мець уласны надзейны парк тэхнікі, сур’ёзна адносіцца да яе пад­рыхтоўкі, сачыць за станам.

Алена КАРПЕНКА. Фото з архіву.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.