У ААТ «Саўгас Кісялевічы» завяршылі сяўбу ранняй ярыны
“Цяпер бы толькі дажджоў”, — адзначаюць у гаспадарцы, дзе ў гэты панядзелак паставілі кропку на сяўбе збожжавых і зернебабовых культур.
— Ранняй ярыной, як і планавалі, засеялі 680 гектараў,— дзеліцца дырэктар сельгаспрадпрыемства Валерый Сяргейчык. — Маючы значна большы азімы клінок — 790 гектараў збажыны і 230 сурэпіцы — адначасова займаемся яго доглядам. Усе культуры падкармілі, правялі хімпраполку сурэпіцы. Цяпер гэтую работу выконваем на азімых збожжавых. І, вядома ж, рыхтуем глебу пад сяўбу кукурузы. З 750-ці гектараў, што запланавалі сёлета пасеяць, 250 — на зерне.
Расказваючы пра асаблівасці сяўбы, Валерый Сяргейчык выказаў шчырыя словы падзякі земляробам, чые прыроджаныя якасці не дазваляюць ставіцца да даручанага абыякава, чыя плённая работа дала магчымасць управіцца з сяўбой своечасова. Сярод апошніх — нязменны сейбіт Аліхан Даквахавіч Кантаеў (у панядзелак засяваў зернебабовай сумяссю поле ля Кургана Славы ў Сычкава), на ворыве і культывацыі — Руслан Генадзьевіч Рудзянок, на ворыўных работах і падкормцы азімых — Аляксандр Міхайлавіч Рагалевіч, на падвозцы насення на працягу ўсёй сяўбы — Уладзімір Уладзіміравіч Лысянкоў.
Зрэшты, сяўба ранняй ярыны (збожжавых і зернебабовых культур) завершана і ў цэлым па раёне — пасеяна 5 330 гектараў.
Гэтым часам актыўна вядзецца падрыхтоўка глебы пад сяўбу кукурузы (у выйгрышы сельгасарганізацыі, дзе паднялі зябліва: філіял “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, філіял “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”, СВК “Гігант”) — штодня ў глебу ўносіцца па 3-4 тысячы тон арганічных угнаенняў. Да канца тыдня, як паведамілі ў райсельгасхарчы, кукурузу ў раёне ўжо пачнуць сеяць. Пад культуру плануецца заняць 8 600 гектараў, з іх 3 600 га — на зерне.
Сярод асноўных клопатаў на гэтую пару — хімпраполка азімай збажыны, хімапрацоўка азімага рапсу ад шкоднікаў.
Што да падкормкі азімых культур, то па першым разе дадзеная работа ва ўсіх праведзена.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара і з архіву.