Пачаўся сезон выпасу жывёлы
Шэраг раённых сельгасарганізацый, у прыватнасці ААТ “Міхалёўская ніва”, “Саўгас Кісялевічы” пераводзяць жывёлу на летне-пашавае ўтрыманне.
— Да чатырох гуртоў, якія выпасаліся на ўчора, дзень ад дня будуць далучацца новыя, — адзначыў намеснік начальніка Бабруйскага райсельгасхарчу Аляксандр Кісялёў.
У “Міхалёўскай Ніве”, па яго словах, жывёла сілкуецца азімай сурэпіцай. Наладжана франтальнае выпасанне, што дасць магчымасць больш эканомна і рацыянальна выкарыстоўваць пашу. Але каб тэхналогія “працавала”, патрабуецца строгае яе выкананне і няспынны кантроль з боку спецыялістаў гаспадаркі. На пашы абавязкова павінны прысутнічаць соль, вада. Дзеля вытрымкі цукрова-пратэінавых суадносін (у зялёнай траве шмат бялку) гаспадарка набыла, у адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі, неабходныя дабаўкі.
Перш чым выгнаць на пашу, рагулі ў абавязковым парадку апрацоўваюцца ад гнюса.
Цягам красавіку ў раёне запланавана перавесці на пашу 7 800 кароў. Выпас прадугледжаны не кругласутачны: увечары жывёла перамяшчаецца ў хлявы, дзе на сёння ёй прапаноўваюцца сілас, сянаж, канцэнтраты.
Алена КАРПЕНКА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.