Міхалёўцы сеюць цукровыя буракі
Напрыканцы мінулага тыдня за гэтай справай мы засталі механізатара гаспадаркі Аляксандра Віктаравіча Вежнаўца. Яго трактар МТЗ-1021 з сеялкай СМН-12 у акружэнні воблака птушак прыкмецілі, як толькі збочылі з аўтадарогі ў накірунку Крупічаў.
— Сею культуру трэці дзень, — дзеліцца механізатар. — Тэхніка не новая, таму не абыйшлося без замінкі. Але ж непаладку выправілі і зноў у поле.
У гэтую вясну ў гаспадарцы запланавалі заняць пад цукровыя буракі 330 гектараў — на ўзроўні леташняга года. А вось ураджай спадзяюцца атрымаць лепшы (у 2019-м — ніжэй за 300 ц/га). Дзеля гэтага, як тут паведамілі, прадпрымуць усе неабходныя меры па доглядзе пасеваў.
Што да непасрэднага сейбіта буракоў, то ў яго прафесійных здольнасцях у гаспадарцы не сумняваюцца. Аляксандру Вежнаўцу традыцыйна давяраюць найбольш адказныя ўчасткі работы.
Прыйшоў у калгас у 1991 годзе, адразу пасля школьнай парты. І калі вярнуўся ў родную гаспадарку, адслужыўшы ў войску, Аляксандр Віктаравіч без шкадавання правёў на калгасных прасторах не адзін дзясятак год. Любоў да працы на зямлі, значнасці земляробчай справы прывіў і дзецям. Двое сыноў (дачка яшчэ школьніца) гэтым часам асвойваюць агранамічную навуку, новыя тэхналогіі вырошчвання культур, каб у будучым (магчыма і такое) прымяніць набытыя веды на бацькам узаранай раллі.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.