У “Гіганце” запрацаваў камбікормавы завод
Буйны інвестыцыйны праект — завод па прыгатаванні камбікармоў магутнасцю 10 тон прадукцыі ў гадзіну — рэалізаваны ў СВК “Гігант”. На гэтыя мэты былі выкарыстаны пераважна ўласныя сродкі гаспадаркі, абсталяванне для завода паставілі з Германіі.
Зерне ў шматузроўневую ўстаноўку падаецца праз завальную яму, узважваецца і накіроўваецца на драбненне. У змешвальніку на другім паверсе да яго, дазавана, дадаюцца іншыя неабходныя кампаненты. Далей атрыманая маса трапляе на наступны ўзровень, на лінію гранулявання. Пасля гэтага ахалоджваецца і паступае яшчэ вышэй — на склад гатовай прадукцыі. І ўжо адтуль, праз самацёкі, — зноўку на 1-шы ўзровень.
Выключна ўсе працэсы вытворчасці камбікорму аўтаматызаваныя, кіруе імі спецыяльна зададзеная камп’ютарная праграма. Заданне неабходных параметраў і кантроль за работай праграмы — на аператарах, якія ажыццяўляюць гэта з пульта кіравання.
З пачатку года завод увялі ў эксплуатацыю. Сёння там вырабляюць камбікармы для буйной рагатай жывёлы, свіней, мюслі для маладняку цялятак — збалансаваны корм для ўласнага пагалоўя і на продаж, па заяўках іншых сельгаспрадпрыемстваў.
Будуючы шматвектарную эканоміку, у “Гіганце” разлічваюць, што новая вытворчасць будзе садзейнічаць паляпшэнню эфектыўнасці гаспадарання сельгаспрадпрыемства, а значыць — дабрабыту людзей, якія тут працуюць.
— Мы працягваем шукаць шляхі для развіцця. Сам я не стамляюся казаць, што, прайшоўшы праз крызіс, мы павінны выйсці з яго загартаванымі, яшчэ больш узмоцненымі, — адзначыў старшыня СВК “Гігант” Міхаіл Пятровіч Левакоў.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.