Темы

Аўсімавічы: малая радзіма вялікіх людзей

Аўсімавічы: малая радзіма  вялікіх людзей

Цяпер ужо нават цяжка ўявіць, што ў в. Аўсімавічы Варатынскага сельсавета (за 3 кіламетры ад чыгуначнай станцыі Амельня на лініі Бабруйск-Жлобін, на рацэ Ала) напрыканцы 19-га стагоддзя працавалі млын і хлебазапасная крама, на памешчыцкай сядзібе дзейнічалі вадзяны млын, сукнавальня.

Што на пачатку 20-га стагоддзя ў вёсцы налічвалася 76 двароў, 599 жыхароў. А ў 1912 годзе было створана земскае народнае вучылішча, на базе якога пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі была арганізавана працоўная школа 1-й ступені, у якой навучалася 55 чалавек.

Першы ж успамін пра населены пункт, назва якога паходзіць хутчэй за ўсё ад імя Аўсім ці прозвішча Аўсімовіч, згадваецца ў пісьмовых крыніцах 16-га стагоддзя. Паводле гаспадарчых актаў 1639 года — гэта сяло Баб­руйскага староства Вялікага Княства Літоўскага з 10-ю дварамі, 14-ю жыхарамі мужчынскага полу. З 1793 года Аўсімавічы значыліся ў складзе Расіі, а з 1795 — у Бабруйскім павеце Мінскай губерніі. На 1844 год вёска была ў складзе маёнтка Аўсімовічы памешчыцы М. Мерлінай. У 1847-м там ужо было 34 двары, 76 мужчын. У 1888 годзе тут пачала дзейнічаць школа царкоўнай граматы. Паводле перапісу 1897 года — гэта вёска Туркоўскай воласці Бабруйскага павета з 472 жыхарамі. Па стану на 1917 год (звесткі перапісу) яна прырасла насельніцтвам — на 85 двароў прыходзілася 611 чалавек. Тады, хутчэй за ўсё, і быў дэмаграфічны ўзлёт населенага пункта. Бо далей, як сведчаць дадзеныя, дэмаграфія пайшла на спад. Паводле перапісу 1926 года на тыя ж 84 двары значылася ўжо толькі 436 жыхароў. А на пачатак 1997 года і ўвогуле засталося 76 чалавек на 34 двары.

У 1930 годзе ў Аўсімавічах быў створаны калгас імя Бу­дзённага. З часам і ён, і яшчэ пяць гаспадарак-брыгад навакольных сёлаў аб’ядналіся ў адну буйную — калгас імя А.С. Пушкіна, цяпер — філіял “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”.

Гэтым часам, па дадзеных Варатынскага сельвыканкама, на 20-ці аўсімавіцкіх дварах (астатнія выкарыстоўваюцца пад дачы) зарэгістравана 48 чалавек, з якіх 8 — дзеці ад 6 да 18 год. Працаздольнага насельніцтва 28 чалавек, заняты яны ў асноўным у сельскай гас­падарцы, на мясцовай ферме па выро­шчванні буйной рагатай жывёлы. Аб’ектаў сацыяльнай сферы (былі клуб, прадуктовая кропка) у вёсцы не захавалася. Гандлёвыя паслугі аказваюць аўталаўкі — Баб­руйскага гандлёвага цэнтра і прыватнікаў, якія наведваюцца сюды 5 разоў на тыдзень. Паслугі пошты — таксама “на калёсах”. Аўтамабіль з надпісам “Белпошта” мы якраз і засталі ля дома адной са старэйшых жыхарак Аўсімавічаў Любові Якімаўны Ткачовай. Пакуль работнік установы Алена Аляксандраўна Мяцельская шпарка раскладала ў прызначаныя для карэспандэнцыі скрыні газеты “Зямля і людзі”, “Трыбуна працы” ды іншыя, ад бабулі Любы, што выйшла атрымаць сваю “раёнку”, дазналіся сёе-тое пра
вёску і яе самую.

Алена Аляксандраўна Мяцельская

— А колькі ж люду ў нас раней было! — па-вясковаму эмацыйна гаворыць пажылая жанчына. — У кожнай хаце сям’я, гаспадарка, кароў, і не па адной, трымалі. Я малака­зборшчыцай працавала. Збірала малако ў сваёй вёсцы, у Доўгім Кліне, Варатыні. Было яго — не перабраць…

Любоў Якімаўна Ткачова

…Лёс у бабы Любы, як яна сама кажа, не зайздрос­ны. Дзяцей пахавала, унука-сірату з сямі гадоў падымала (23-гадовы малады чалавек і цяпер жыве з ёю, працуе жывёлаводам на мясцовай ферме). Пошта, як кажа жанчына, ёй не толькі газеты прывозіць.

— Прадукты таксама заказ­ваю ў іх, — кажа яна. — З пенсіі адразу на 80 рублёў набіраю.


Жыхары населенага пункта свята ўшаноўваюць памяць савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1944 годзе, абараняючы іх родную зямлю. На брацкай магіле, што на мясцовых могілках, у пачатку 70-х устаноўлены помнік-абяліск з мемарыяльным надпісам. Колькі год таму надпіс быў абноўлены — удалося вызначыць імёны іншых воінаў. Родам з Аўсімавічаў — гэтым асабліва ганарацца мясцовыя жыхары — Уладзімір Парахневіч і Фёдар Архіпенка, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны сталі Героямі Савецкага Саюза. Першы быў кіраўніком пад­рыўной групы 537-га партызанскага атрада, другі — лётчыкам-знішчальнікам, які пра­вёў 102 паветраных баі, асабіста збіў 30 варожых самалётаў.

Героі Савецкага Саюза, ураджэнцы в. Аўсімавічы —
Уладзімір Парахневіч і Фёдар Архіпенка ­ ­

У памяць пра легендарных землякоў іх імёнамі аднавяскоўцы назвалі вуліцы населенага пункта. Праўда, хат, якія б мелі прамое дачыненне да сем’яў герояў, у Аўсімавічах ужо не захавалася.

— Прамых родзічаў тут не засталося, і хат іх ужо няма, — расказвае стараста вёскі Раіса Васільеўна Стэльмак, — час усё злізаў. Засталася памяць толькі ў вуліцах, нашая вось — Парахневіча.

Расказваючы пра родную вёску, — Раіса Васільеўна лічыць сябе амаль што найстарэйшай з мясцовых жыхароў — з цеп­лынёй згадвае часы Варатынскага народнага хору. Слава пра калектыў, натхняльнікам і арганізатарам якога была надзвычай таленавітая як спявачка і завадатар Вольга Дашкоўская і ў якім сама Раіса Васільеўна актыўна ўдзельнічала з 14-гадовага ўзрос­ту, грымела далёка за межамі БССР.

Раіса Васільеўна Стэльмак

— Гэта быў шчаслівы час, — з захап­леннем і сумам гаворыць яна, перабіраючы адзін за другім шматлікія фота­здымкі калектыву (сярод удзельнікаў і колішні старшыня калгаса імя Пушкіна В.М. Тумашэнка). — Па-першае, мы былі маладыя, па-другое — гэта цэлая старонка ў жыцці і нашых Аўсімавічаў таксама. Ха­дзіла на хор уся галасістая моладзь. Спачатку толькі калгаснікі, пасля і настаўнікі, і работнікі іншых арганізацый. Клуба не было, дык бегалі спяваць у Коўрын, у ленкуточак. Дзе толькі не пабылі са сваімі песнямі — у Магілёве, Мінску, на выстаўцы ВДНГ у Маскве, перад касманаўтамі выступалі… Але ж і гала­сістыя былі — гэта адметнасць нашай мясцовасці! У мяне і ўнучка з дзяцінства спявае (Кацярына Быкава-Хаасма — метадыст раённага цэнтра культуры). Яе голасам не толькі вёска заслухоўвалася — па ўсёй Беларусі выступала, граматы і дыпломы за перамогі ва ўсемагчымых конкурсах дагэтуль грэюць душу.

Алена Уладзіміраўна Стэльмак

Прырасла да родных Аўсімавічаў, як з усмешкай заўважае, і дачка Раісы Васіль­еўны. Алена Уладзіміраўна, як некалі і маці, працуе сацыяльным работнікам — даглядае пажылых людзей не толькі сваёй вёскі, але і навакольных. Нязменны памочнік ёй у гэтым — веласіпед. І хоць па графіку жанчына павінна наведацца да кожнага падапечнага двойчы на ты­дзень, такім парадкам не абмяжоўваецца: абставіны і акалічнасці ды чалавечая спагада прымушаюць рабіць гэта часцей.

— А мне і не цяжка, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Сядзець на месцы — не маё, тым болей што ў душы — трыц­цаць. Затое, дзякуй богу, усё паспяваю — акрамя работы, згатаваць, дагледзець гаспадарку, агарод, унука. Улетку надосвітку — яшчэ і на Алу з вудай на гадзінку збегаць. Злаўлю што ці не — а натхнення на цэлы дзень атрымаю, у нас жа прырода, краявіды — непаўторныя!

Варатынскі народны хор

І хоць жылых хат у Аўсімавічах няшмат і вуліцы страцілі колішнюю роўнасць, там, дзе гаспадары ў сіле, імкнуцца і ўмеюць стварыць прыгажосць, — нельга не спыніцца. Выбітнае ў гэтым плане домаўладанне Мікалая Уладзіміравіча Архіпенкі на вуліцы Ф. Архіпенкі (зрэшты, як сцвярджае субяседнік, Герой Савецкага Саюза даводзіцца яму далёкім родзічам).

— Хата бацькоўская, — расказвае Мікалай Уладзіміравіч. — Пасля таго як родных не стала, пераехалі сюды з жонкай на пастаяннае месца жыхарства — паклікала, значыць, радзіма. Гаспадарку завялі, парсючка, прыхарошваемся (паказвае на здалёк бачнага бусла над калодзежам).

— Сын наш маленькі на мясцовых могілках ляжыць і ўнук таксама, — падключаецца да размовы жонка Раіса Аляксееўна. — Часта туды ходзім…

Паклонны крыж на ўездзе ў Аўсімавічы

Святым месцам у Аўсімавічах лічаць і Паклонны крыж у пачатку вёскі (дарога ад Варатыні), які, як здаўна лічылі, засцерагае жыхароў населенага пункта ад хвароб, нечысці і злых людзей. Пра апошніх у Аўсімавічах не згадваюць. Затое частыя на вуснах імёны тых, хто праяўляе непадробны клопат і турботу пра тутэйшых — старшыні Варатынскага сельсавета Уладзіміра Сяргеевіча Вяроўкіна і “нашага доктара”, як тут кажуць, — загадчыка Варатынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Максіма Дзмітрыевіча Дзя­менцьева (пра іх напішам у наступных нумарах раёнкі).

…Пакідаючы невялічкія Аўсімавічы — такіх населеных пунктаў у краіне тысячы — прымушаеш сябе не думаць, што будзе тут яшчэ гадоў так праз 10-20. І разам з тым выразна разумееш, што для тых, хто тут нара­дзіўся і вырас — гэта ёсць і будзе самы дарагі і найпрывабнейшы куточак на зямлі.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара і з архіву.

Последние новости

Актуально

ВНС 25 апреля продолжает работу. В повестке дня — утверждение Концепции нацбезопасности и Военной доктрины

25 апреля 2024
В будущее вместе с нами

В гостях у воинов-зенитчиков

25 апреля 2024
80-летие освобождения Беларуси

Единый электронный портал об узниках концлагерей появится в Беларуси

25 апреля 2024
Человек и природа

Порывистый ветер и до +19°С ожидается сегодня в Беларуси

25 апреля 2024
Актуально

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

24 апреля 2024
Актуально

Лукашенко избран председателем Всебелорусского народного собрания

24 апреля 2024
Актуально

Лукашенко проголосовал на выборах руководства ВНС

24 апреля 2024
Актуально

Делегаты от нашего района приняли участие в выборах руководящих органов ВНС

24 апреля 2024
Актуально

В Бобруйском лесхозе внимательно следят за ходом работы исторического ВНС

24 апреля 2024
Актуально

Лукашенко выдвинут кандидатом на пост председателя ВНС

24 апреля 2024

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем

Происшествия и безопасность

Итоги проведения в Бобруйском районе специального комплексного мероприятия «Нелегал»

12 апреля 2024
Актуально

В Бобруйском районе прошел республиканский субботник (наш фоторепортаж)

20 апреля 2024
Актуально

В благодарность за добросовестную работу

22 апреля 2024
80-летие освобождения Беларуси

Танки грязи не боятся. В Бобруйском районе прошло открытое первенство по джип-спринту «Дороги Победы»

20 апреля 2024
Актуально

Наводим чистоту: Бобруйщина вышла на районный субботник

13 апреля 2024
Актуально

У паліклініцы №2 новы галоўны ўрач

12 апреля 2024
Актуально

Дэпутаты падвялі вынікі работы Маладзёжнага парламента

19 апреля 2024
Общество

На Бобруйщине прошел единый день информирования. Ключевая тема — предстоящее ВНС

18 апреля 2024