Марку з нагоды 20-годдзя з дня падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы надрукавалі ў Бабруйску
6 снежня ў Прадстаўніцтве пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы ў Мінску адбылося ўрачыстае гашэнне маркі “20 год з дня падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”. У гэты ж дзень РУП “Бабруйская ўзбуйнёная друкарня імя Непагодзіна”, якому выпаў гонар надрукаваць блок у 20 тысяч асобнікаў гэтай маркі, наведалі прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ (мерапрыемства ладзілася па ініцыятыве Нацыянальнага прэс-цэнтра Рэспублікі Беларусь): пацікавіліся падрабязнасцямі вырабу маркі і аналагічнай прадукцыі.
— Калекцыйную мастацкую марку мы надрукавалі па замове РУП “Белпошта”, — адзначыў дырэктар друкарні імя Непагодзіна Уладзімір Пасько. — Распрацоўкай жа макета займаўся выдавецкі цэнтр Белпошты “Марка”.
Ён адзначыў, што выраб мастацкай маркі — працэс скрупулёзны і таму адносна даўгі (у дадзеным выпадку заняў каля 2-х тыдняў). На пачатку друкарня прадастаўляе заказчыку пробу (іншым разам — не адну), і толькі пасля ўзгаднення прыступае непасрэдна да друку.
Чаму марку да падзеі міжнароднага маштабу даручылі надрукаваць менавіта друкарні імя А.Ц. Непагодзіна?
— Напэўна, таму, што ў нас ёсць аўтарытэт у гэтым плане, — адзначыў Уладзімір Пасько. — Маркі мы друкуем ужо каля 10 год. Пачыналі з простых, стандартных. Паступова перайшлі да больш складаных, калекцыйных. Для гэтага набылі новыя машыны, пераабсталяваліся. Што ў выніку і дазволіла вырабляць унікальныя рэчы, якія не пад сілу іншым ліцэнзаваным прадпрыемствам.
Зрэшты, марку з нагоды трохразовай перамогі Дар’і Домрачавай на алімпіядзе ў Сочы надрукавалі таксама ў Бабруйску. 3 апошніх работ друкарні імя А.Ц. Непагодзіна і марка да 1000-годдзя г. Брэста.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.