На свята да суседзяў
Дэлегацыя Бабруйскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” у складзе пяці чалавек пад началам старшыні Любові Шушлянікавай на пачатку месяца пабывала на свяце збору ўраджаю “Багач” на тэрыторыі музея дрэва ў вёсцы Усохі на Клічаўшчыне.
Свята арганізавана ў рамках ініцыятывы “Адраджэнне і правядзенне свята ўраджаю “Багач”, якая рэалізуецца ў межах праекту “Эфектыўнае ўзаемадзеянне, сучаснае кіраванне — устойлівы вынік” пры фінансавай падтрымцы Пасольства каралеўства Нідэрландаў у Варшаве. Удзел у мерапрыемстве прынялі людзі з абмежаванымі магчымасцямі Клічаўскага, Кіраўскага і Бабруйскага раёнаў.
Задумка свята, як адзначыў ініцыятар яго правядзення дэпутат Клічаўскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Суровец, — дапамагчы людзям з абмежаванымі магчымасцямі знайсці новых сяброў, паверыць у сябе, свае сілы, аказаць адзін аднаму эмацыйную падтрымку, а таксама развіць творчыя сувязі паміж жыхарамі некалькіх раёнаў. Бо менавіта ўзаемаадносіны з’яўляюцца найбольш магутным фактарам сацыяльнай адаптацыі для людзей з інваліднасцю. Мерапрыемства, з яго слоў, раскрыла ўменні і таленты ўдзельнікаў. І ў далейшым яны змогуць навучацца рамесленай дзейнасці шляхам арганізацыі валанцёрскіх гурткоў.
Акрамя народнага абраду “Багач”, наведвальнікі свята мелі магчымасць пазнаёміцца з работамі адзін аднаго (ад раённай арганізацыі інвалідаў былі выстаўлены работы з прыродных матэрыялаў Раісы Равільеўны Хабібулінай), паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе рамесленай прадукцыі, атрымаць асалоду ад канцэртнай праграмы, паспытаць стравы традыцыйнай беларускай кухні. Там жа працавала гульнёвая пляцоўка і кірмаш, дзе кожны мог прадаць альбо прыдбаць сувенір на памяць.
Алена КАРПЕНКА.