«Бульбяны разгуляй па-бартнікоўскі»
…Пад такой назвай у Вялікіх Бортніках прайшло свята «другога хлеба». Усюды па аграгарадку лётаў водар розных страў з бульбы. У мерапрымстве прыняў удзел і старшыня Бортнікаўскага сельвыканкама Яўген Чэркас.
Адкрыў праграму народны ансамбль народнай песні “Вясёлка” пад кіраўніцтвам Зубрыкавай Марыны. Вядучая, у сваю чаргу, прапанавала гасцям паспрабаваць духмяныя гарачыя дранікі са смятанай. Працягнулі мерапрыемства вучні Бабруйскай раённай дзіцячай школы мастацтваў. Запальная п’еса «Карабейнікі» у выкананні Хаванскага Вячаслава і Губскай Вольгі не пакінула раўнадушным нікога. Гледачы заслухаліся звонкімі галасамі вакальнага дуэта Зубрыкавай Ксеніі і Хаванскай Яўгеніі. Кранула сэрцы ўсіх прысутных музычная кампазіцыя “Рэчанька”, таленавіта выкананая Вяроўкінай Юліяй. Весела і заўзята прагучала “Цыганская пляска” ў выкананні Штукмана Зміцера.
Калі юныя музыкі не давалі сумаваць гасцям, то школьнікі разам са сваімі бацькамі пераўвасобіліся ў сапраўдных кулінараў і арганізавалі ярмарку-продаж вырабаў з бульбы. Усім прыйшліся да спадобы зразы з грыбамі ад Якушенка Яўгена і бульбяныя аладкі ад Бутэвіч Анастасіі. Дарослыя арганізавалі выставу дэкаратыўных вырабаў з бульбы і іншай агародніны, розныя гатункі “другога хлеба” рэкамендавалі прадстаўнікі калгаса “Гігант”.
Для стварэння добрага настрою прайшла гульнёвая праграма “Бульбяны бум”, у якой з задавальненнем прынялі ўдзел усе прысутныя.
Ул. інф.