У раёне пачалі ўбіраць азімы рапс
Учора ў раёне прыступілі да ўборкі выбарачных, падгарэлых участкаў азімага рапсу аграрыі ААТ “Саўгас Кісялевічы” і Бабруйскае ААТ “Аграмашсервіс”, сёння ва ўборачныя работы ўключыліся СВК “Гігант”, філіялы “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” і “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”.
У “Аграмашсервісе”, як адзначыў у канцы стартавага ўборачнага дня галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Рыгоравіч Чорны, першыя зжатыя гектары (14-15 ц/га) далі зразумець, што ўраджай сёлета хоць і невысокі, але лепшы, чым у папярэднім засушлівым годзе. Пад азімую культуру тут занята 200 гектараў. На чале ўборачных экіпажаў — Аляксандр Барысавіч Нічыпаловіч і Віталь Валер’евіч Падшывалаў. На адвозцы масланасення заняты Іван Уладзіміравіч Еўстратчык і Юрый Іванавіч Ілішка.
У цэлым жа па раёне вынікі першага ўборачнага дня — 13 цэнтнераў з аднаго гектара. У райсельгасхарчы ўпэўнены, што ў далейшым яны будуць лепшымі.
Алена КАРПЕНКА.