Школьнікі не застануцца без цікавага адпачынку

Летнія канікулы — час, калі дзеці могуць адпачыць ад школьных заняткаў, аздаравіцца, набрацца новых уражанняў і эмоцый. Праўда, для гэтага трэба каб былі створаны ўмовы — бацькамі і дзяржавай. Адпачынак, наладжаны дарослымі, часцей звязаны з іх адпускамі і матэрыяльнымі магчымасцямі. Дзяржава ж прапаноўвае аздараўленне і занятасць найперш тады, калі бацькі працуюць і не ў стане (асабліва ў выпадку з вучнямі малодшых класаў) пракантраляваць іх бяспечнае знаходжанне дома. Менавіта пра апошняе нашая размова з начальнікам аддзела па адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага райвыканкама Аленай Баркоўскай.

— Алена Уладзіміраўна, якую колькасць дзяцей плануеце ахапіць летнім аздараўленнем і якія магчымасці для гэтага створаны ў раёне?
— Пачну з таго, што традыцыйна будзе працаваць дзяржаўная ўстанова адукацыі “Аздараўленчы лагер “Бабраня-2010”. Сёлета там плануецца аздаравіць 360 дзяцей. Лагер будзе дзейнічаць у чатыры змены: з 3 па 20 чэрвеня — 1 змена, з 24 чэрвеня па 11 ліпеня — 2-я, з 16 ліпеня па 2 жніўня — 3-я і з 8 па 25 жніўня — 4 змена. Штат работнікаў укамплектаваны, карпусы пад­рыхтаваны. Гэтым часам вядуцца апошнія работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Акрамя таго, на базе 12-ці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі на працягу лета будуць функцыянаваць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем з ахопам 300 дзяцей. На базе пяці ўстаноў адукацыі будзе арганізавана работа лагераў працы і адпачынку зноў жа з дзённым знаходжаннем, у іх будзе занята 55 школьнікаў. Выхаванцы лагераў Глушанскага, Хімоўскага і Міхалёўскага вучэбна-педагагічных комп­лексаў “Дз/сад-СШ” будуць ажыццяўляць работы ў вытворчых (вучэбна-вытворчых) майстэрнях устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— Некаторыя вучні старэйшых класаў імкнуцца ўлетку папрацаваць, зара­біць грошай. Ці прадаставіцца ім такая магчымасць?
— Так. Старшакласнікі Варатынскай школы будуць працаваць на пасяўных плошчах філіяла “Варатынь” ААТ
“БЗТДіА”, Цялушскага ВПК — на палях філіяла “Харчавік-
Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”. Таксама для 60 непаўналетніх будзе арганізавана часовая працоўная занятасць упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама сумесна з нашым аддзелам.
— Карыстаецца попытам у школьнікаў, наколькі ведаю, і такі від адпачынку як турысцкі перасоўны лагер. Сёлета плануецца яго работа?
— Запланавана. Турысцкія перасоўныя лагеры будуць дзейнічаць у Міхалёўскім ВПК і Гарбацэвіцкай СШ.
І, між тым, гэта не поўны пералік занятасці дзяцей. На працягу лета будуць ажыццяўляць сваю дзейнасць валанцёрскія атрады, ва ўстановах агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі, а таксама на базе СДК — аб’яднанні па інтарэсах, у школах — стадыёны і спартыўныя пляцоўкі.
— Ці дастаткова ўвагі бу­дзе ўдзелена аздараўленню дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі?
— Пра гэта таксама паклапаціліся. Акрамя іншай занятасці (па месцы вучобы), 65 дзяцей з прыёмных і апекунскіх сем’яў, дзіцячага дома сямейнага тыпу, а таксама з раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра змогуць адпачыць — 51 непаўналетні двойчы за лета (у 2 змены) — у “Бабрані-2010”, прыкладна 10 дзяцей — за мяжой.
— Ці не выпадуць з поля зроку на час канікулаў непаўналетнія, чые паводзіны і ўчынкі патрабуюць павышанай увагі?
— Ні ў якім разе. Дзеці, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа інспекцыяй па справах непаўналетніх, раённай камісіяй па СН, а таксама якія значацца на ўнутрышкольным уліку будуць па-максімуме заняты ў школьных лагерах. Плануючы іх адпачынак, улічылі і тое, што гэтыя дзеці, як правіла, з задавальненнем займаюцца ў спартыўных секцыях, актыўна праяўляюць сябе ў творчых мерапрыемствах, валанцёрскай справе.
— У цэлым колькі ўсяго дзяцей плануеце аздаравіць падчас летніх канікулаў?
— Плануем аздаравіць 740 наведвальнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, або 55 працэнтаў ад агульнай іх колькасці.
Адпачынак і аздараўленне, як бачыце, прапаноўваем на любы густ. Спадзяемся, што працяглыя летнія канікулы прынясуць школьнікам шмат станоўчых эмоцый. Ва ўсялякім разе, нашым аддзелам для гэтага праведзена немалая работа.
— Дзякуй, Алена Ула­дзіміраўна, за размову, а дзецям і педагогам — прыемнага лета!

Алена КАРПЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.