Пераможцам раённага конкурсу сярод аператараў па штучным асемяненні кароў і цялушак у каторы раз прызнана Раіса Гоманава з філіяла “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”
Да такога выніку прыйшла судзейская калегія пад старшынствам начальніка аддзела па аднаўленні статку РУСВП “Магілёўскае Дзяржплемпрадпрыемства” Алены Маслак, ацаніўшы сёння тэарэтычныя і практычныя веды 20-ці аператараў па штучным асемяненні кароў і цялушак раённых сельгасарганізацый — конкурс прафесійнага майстэрства сярод іх прайшоў на базе ААТ “Неўскі-Агра”, у сельскім Доме культуры аг. Кавалі.
2-е месца прысуджана Таццяне Мікалаеўне Фаміной з “Неўскі-Агра”, 3-е — адразу двум тэхнікам-асемянатарам: Таццяне Мікалаеўне Кажадуб з ААТ “Міхалёўская Ніва” і Дзянісу Аляксандравічу Барысаву з філіяла “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”.
Як і ў любым конкурсе, не абыйшлося без узнагароджанняў. Пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі ад Магілёўскага Дзяржплемпрадпрыемства і райкама прафсаюза работнікаў АПК. Яшчэ шэраг аператараў начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзмітрый Бязручкін адзначыў Лістамі ўдзячнасці за сумленную працу. І ўсім без выключэння канкурсантам былі ўручаны сувеніры ад ВУП “Бабруйскмалако” з прадукцыі, якую перапрацоўшчыкі маюць магчымасць вырабляць дзякуючы ў тым ліку ўдзельнікам конкурсу.
Зрэшты, шэраг тэхнікаў-асемянатараў падчас конкурсу павысілі сваю класнасць, што гарантуе ім прыбаўку да заробку і з’яўляецца стымулам для дасягнення яшчэ лепшых вынікаў працы.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.