Маладыя, няўрымслівыя, цікаўныя

Сустракаючыся з працаўнікамі сельгасвытворчасці, у тым ліку падчас корманарыхтоўкі, даводзіцца адзначаць, што пераважную іх частку нельга аднесці да катэгорыі маладых. Апошнім ні ў якім разе не стаўлю пад сумненне працоўныя якасці тых, каму за 50 і болей: вопыт — вялікая сіла. Аднак з часам — так ужо пабудавана жыццё — яго даводзіцца перадаваць новаму пакаленню: маладым, няўрымслівым, цікаўным.

Для сельскай гаспадаркі — гэта тэма асабліва хвалюючая: узброіўшыся ведамі, вясковыя дзеці далёка не заўсёды працягваюць справу бацькоў. Таму з вялікім задавальненнем на старонках “раёнкі” расказваем пра тых, хто ўсё ж уліўся ў раённы калектыў сельгасработнікаў, мае ад гэтага задавальненне і сваёй працай памнажае дабрабыт Бабруйшчыны і краіны.

Юрый і Святлана Канаплёвы хутка дзесяць год як жыхары аг. Кавалі і работнікі ААТ “Неўскі-Агра”. Родам маладыя людзі з Клімавіцкага раёна. На Бабруйшчыне апынуліся, як і многія, у выніку размеркавання пасля заканчэння навучальнай установы. У іх выпадку — размеркавання Святланы ў 2010 годзе, якая набывала веды па ветэрынарыі ў Клімавіцкім сельгаскаледжы.

Дзяўчыне работа ў гаспадарцы спадабалася, тым болей што можна было разліч­ваць на жыллё. За ёй следам на Бабруйшчыну пераехаў Юрый. І яму ў “Неўскім-Агра” знайшлося прымяненне: механізатар на сяле — прафесія запатрабаваная.

З той пары ў сям’і Канаплёвых адбылося шмат прыемных падзей — дзякуючы таварыству маладыя людзі займелі ўласнае жыллё, акрамя таго, сталі бацькамі дваіх сыноў. Абжыліся. Трымаюць немалую гаспадарку — на ўласным падворку не толькі дробная жыў­насць, але і свінні.

— Жывучы ў вёсцы, па-іншаму нельга, — гаворыць Юрый, — мясам і свежай гароднінай селянін спрадвеку забяспеч­ваў сябе сам.

Замацаваны за механізатарам трактар МТЗ-1025 без работы не прастойвае. А яго гаспадар, як тут паведамілі, з гатоўнасцю бярэцца за любую справу і выконвае яе бездакорна: такога ўжо складу ён чалавек.

У гэтыя ж дні разам з усім калектывам “Неўскага-Агра” Юрый Уладзіміравіч — на корманарыхтоўцы. Асабіста ён заняты на касьбе траў — кіруе кормаўборачным комплексам КГ-6 з агрэгатам КПР-9. Робіць гэта, як заўжды, старанна і якасна, каб і гаспадарцы карысць, і сабе заробак па­множыць.

Не меней насычаныя працоўныя будні Святланы Канап­лёвай. У яе абавязках — як лячэнне жывёлы, так і прафілактыка захворванняў. Для маленькіх цялятак (менавіта там мы засталі спецыяліста) асноўнае, па яе словах, якасны догляд: своечасовая, у адпавед­насці з тэхналагічнымі нормамі, выпайка, рэгулярнае абнаўленне подсцілу, тэрміновае рэагаванне на змены ў здароўі.

Святлана Канаплёва

На запытанне, ці не шкадуе аб прафесійным выбары і тым, што карані сям’я пусціла менавіта на Бабруйшчыне, маладая жанчына з усмешкай заўважае: “Усюды працаваць трэба”. І ўжо зусім сур’ёзна дадала:

— Гаспадарка дапамагла нам вырашыць жыллёвую праблему — вылучыла добраўпарадкаваны дом, не абдзяляе заробкам, а гэта для сям’і галоўнае. Дый у прафесію я прыйшла асэнсавана — з дзяцінства марыла лячыць жывёлу.

Зрэшты, з маёй субяседніцы атрымаўся б, як яна сама жартуе, і неблагі аграном. Прыро­джаную цягу да раслінаводства маладая жанчына ўвасаб­ляе ва ўласным палісадніку. Асаб­ліва любіць разводзіць і эксперыментаваць з ружамі, тым болей што ва ўмовах уласнага дома месца для гэтага неабмежавана.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.