Дакрануўшыся сэрцам да гісторыі свайго краю
Для дзяцей і дарослых Хімоўскага ВПК «Дзіцячы сад-СШ» была арганізавана экскурсія ў адзін з самых старажытных і багатых на культурную спадчыну гарадоў — Нясвіж.
Чаму менавіта ён? Каб падзівіцца на сярэднявечны замак, прагуляцца па княжацкім парку, сваімі вачамі пабачыць экспанаты ўнікальнай калекцыі Радзівілаў, дакрануцца сэрцам і душою да гісторыі сваёй Радзімы. Распачалі сваю вандроўку са знаёмства з гісторыяй гарадской ратушы і Слуцкай брамы. А, набліжаючыся да самай галоўнай славутасці горада, з цікаўнасцю слухалі апавяданне экскурсавода, рабілі фотаздымкі, чухалі бронзавую грыву льва, які на працягу многіх стагоддзяў быў адлюстраваны на малюнку гербавай пячаткі самых багатых людзей сярэднявечча — Радзівілаў.
Пышнасць і багацце княжацкага замка, яго ўмацаванні і вялікі ландшафтна-пейзажны парк, рэльефныя дэкарацыі і скульптурныя застаўкі, багатая ляпніна высокага франтона з гербам, інтэр’еры пакояў — усё гэта здзіўляе сваёй непаўторнай прыгажосцю і раскошай.
Бясконца доўга можна пералічваць свае ўражанні і думкі. Толькі вось, на жаль, падзеі тых часоў сярэднявечча нам ніколі не ўбачыць. Але іх можна пабудаваць у сваім уяўленні, дакрануўшыся сэрцам да гісторыі свайго краю.
Юлія Ганчарова-Аўрамчык, настаўнік пачатковых класаў.